Улады ліквідуюць легендарную арганізацыю, якая праводзіла фестывалі «Лістапад» і ТЕАРТ

Мінгарвыканкам вырашыў ліквідаваць «Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Рашэнне было прынятае 25 жніўня, зараз ідзе працэс ліквідацыі, паведамляе «Наша Ніва».

artcorporation.png

«АРТ Карпарэйшн» быў створаны ў 2010 годзе пры падтрымцы «Белгазпрамбанка» і Міністэрства культуры. Яго нязменным кіраўніком з’яўлялася культурны мэнэджар Анжаліка Крашэўская.
Арганізацыя штогод праводзіла фестываль тэатральнага мастацтва ТЕАРТ і кінафестываль «Лістапад», якія сталі форумамі еўрапейскага ўзроўню.
У фармаце ТЕАРТ быў арганізаваны Belarus Open, які стаў першым нацыянальным тэатральным шоўкейсам. Менавіта «АРТ Карпарэйшн» займаўся праектам TheatreHD, дзякуючы якому беларусы маглі глядзець найлепшыя замежныя спектаклі.
Таксама арганізацыя праводзіла цыкл лекцый-кінапаказаў, безліч адукацыйных праектаў, выпускала ўласныя спектаклі, якія мелі станоўчую ацэнку прафесійных крытыкаў і гледачоў.
Ліквідацыя «АРТ Карпарэйшн» — наймацнейшы ўдар па беларускай культуры, які можа яе адкінуць на дзесяцігоддзе назад.