Вярхоўны суд ліквідаваў «Беларускую асацыяцыю журналістаў»

Паводле рашэння Вярхоўнага суда, усе довады прадстаўніка ГА «БАЖ» пра тое, што гэты пазоў не мусіць быць задаволены, прызнаць няважнымі, а прадстаўнік адказчыка «няправільна разумее закон», паведамляе baj.by.

baj700_grey_1_4_1.png

Нагадаем храналогію падзей:
9 чэрвеня Міністэрства юстыцыі пачало маштабную праверку дзейнасці ГА «БАЖ».
14 ліпеня ў офісе БАЖ без прысутнасці прадстаўнікоў арганізацыі сілавікі, узламаўшы дзверы, правялі чарговы вобшук. Пасля гэтага офіс апячаталі і доступ у яго заблакавалі. Копіі пратаколаў вобшуку не ўручаліся. Пералік адабранай маёмасці невядомы. Таксама ў гэты дзень былі заблакаваныя аперацыі на банкаўскім рахунку арганізацыі.
15 ліпеня, на наступны дзень пасля вобшуку і блакавання офіса, «Беларуская асацыяцыя журналістаў» атрымала ад Міністэрства юстыцыі копію загаду аб вынясенні пісьмовага папярэджання.
21 ліпеня Міністэрства юстыцыі паведаміла ў сацыяльных сетках, што ўжо накіравала ў Вярхоўны суд Беларусі пазоў аб ліквідацыі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
«БАЖ — гэта не запіс у рэестры юрыдычных асоб. Гэта амаль паўтары тысячы сябраў арганізацыі, аб'яднаных усведамленнем сваёй місіі: пашыраць прастору свабоды слова ў Беларусі. Прабачце за пафас і цытату са Стратэгіі БАЖ.
Гэта — сябры і калегі. Гэта — МЫ, а не юрыдычны статус і офіс. І МЫ будзем працягваць рабіць сваю справу, незалежна ад рашэння судоў і адміністрацыйных органаў, — усімі законнымі спосабамі», — гаворыць старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец.
 ГА «БАЖ» дзейнічае з восені 1995 года. Аб'ядноўвае больш за 1300 сябраў — работнікаў медыясферы. ГА «БАЖ» — гэта ўплывовая і прызнаная міжнароднай прафесійнай супольнасцю арганізацыя.