Леанід Дубаносаў падаў скаргу ў Берасцейскі абласны суд

Актывіст Беларускага незалежнага прафсаюзу Леанід Дубаносаў падаў скаргу ў Берасцейскі абласны суд. Ён не згодзен з рашэннем Лунінецкага раённага суда, які прызнаў законным ягонае звальненне з прадпрыемства “Граніт” і не выявіў факту дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыналежнасці.



w600_h442_q95.jpg

Пасля судовага працэсу ў Лунінцы, на прадпрыемстве пашырыліся чуткі аб тым, што нібыта актывіст атрымлівае грошы з ЕС, і таму ніякай салідарнасці з ім праяўляць не трэба.

Леанід Дубаносаў распавёў:

— Падышоў сябар і сказаў, што на працы ўсім убіваюць у галаву, што я атрымліваю заробак з Еўразвяза. Я кажу: я б і не супраць, няхай плацяць, толькі дзе той заробак, гэта поўная лухта, бо калі атрымліваў заробак з Еўразвяза, я б не ездзіў на ровары, а, напэўна, на добрай машыне.

Леанід Дубаносаў адпрацаваў на “Граніце” дваццаць гадоў. Праблемы пачаліся пасля выхаду з праўладнага прафсаюзу і ўступлення ў незалежны. Дубаносава звольнілі ў траўні падчас адпачынку за два парушэнні, нібы зробленыя ім у лютым.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gazetaby.com