Маці Аляксандра Аўдзевіча: Была б міністрам, дазволіла б такім, як я, падпрацоўваць

Маці інваліда-калясачніка, які на хэндбайку праехаў з Ліды да Партугаліі, аднавілі грашовую дапамогу па даглядзе за сынам. «Гэта перамога. Нарэшце!» напісаў Аляксандр Аўдзевіч у Facebook і дадаў фота пастановы.

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак


Калі раней падавала заяўку на атрыманне дапамогі, трэба было ехаць у раённы аддзел сацыяльнага забеспячэння, — з усмешкай кажа маці Аляксандра Ганна Аўдзевіч. — Там збіралася ўся гэтая камісія, нас па адным выклікалі і вырашалі, даваць дапамогу ці не. А гэтым разам па пошце даслалі! Я атрымала ліст, адкрывала яго, дрыжэлі рукі. А там — перамога! Так што, дзякуй, што хоць “на дыван” не выклікалі”.

Фота з фэйсбука

Фота з фэйсбука


На пытанне "Еўрарадыё" пра тое, ці папрасілі ў яе прабачэння, Гана Эдвардаўна адказвае так:
“Але мне і не патрэбныя іх прабачэнні, мы людзі не ганарлівыя. Далі грошы, каб было за што жыць, і добра”.
За дагляд за інвалідам 1-й групы дзяржава плаціць 175,5 рубля. Ганне Аўдзевіч дапамогу аднавілі на год, пачынаючы з 29 верасня. Па словах жанчыны, грошаў гэтых “хапае толькі на хлеб ды ваду і заплаціць камуналку”. Ганна прызнаецца, што калісьці спрабавала падпрацоўваць нелегальна, але ўсё роўна заробак правялі “па-беламу” і ФСАН з яе вылічыў гэтую суму. Таму цяпер нават не спрабуе, жыве выключна за дапамогу.
Я б вельмі хацела, каб сацыяльная абарона неяк па-іншаму ставілася да такіх, як мы, а не выконвала функцыю наглядчыка, — кажа Ганна Эдвардаўна. — Бо яны нібы спрабуюць нас злавіць на тым, што мы не выконваем свае абавязкі. Прыходзяць без званка, без папярэджання. А Саша ў мяне такі актыўны. Ён куды-небудзь паехаў, на тое ж інтэрв’ю ў Мінск, ці ў басейн, ці ў залу — у мяне вольны час з’явіўся і я пайшла па нейкіх справах. А тут яны прыходзяць, маўляў, а дзе гэта вы? Навошта нас лавіць? Мы ж сваіх дзяцей даглядаем!
Калі б Ганна стала Міністрам сацыяльнай абароны, то ў першую чаргу дазволіла б тым, хто даглядае інвалідаў, падпрацоўваць: “Дайце палову стаўкі, хай атрымаецца 300 рублёў, і ён не будзе ў краме выбіраць таннейшую каўбасу ці муку, каб пражыць. Я б задавальненнем пайшла ўвечары прыбрала які офіс”.
Нагадаем, Ганну Аўдзевіч пазбавілі грашовай дапамогі па даглядзе за сынам з-за таго, што ён паехаў у падарожжа сваёй мары па Еўропе. Аляксандр Аўдзевіч за амаль тры месяцы праехаў “на руках” чатыры тысячы кіламетраў, каб убачыць Атлантычны акіян. Калі вярнуўся, даведаўся, што маці пазбавілі дапамогі.
Пасля шырокай агалоскі гісторыі ў СМІ, намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Качанава паабяцала разабрацца ў сітуацыі. На гэты ж конт выказаліся і дэпутаты 6-а склікання Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Валерый Барадзеня. Верагодна, менавіта гэты факт і паскорыў аднаўленне дапамогі для Ганны Аўдзевіч.
euroradio.fm