Маці Андрэя Гайдукова адмовілі ў спатканні з сынам

Вольга Гайдукова атрымала афіцыйную адмову ад следчага Віцебскай управы КДБ Алега Барысевіча. Ён вядзе справу наваполацкага актывіста Андрэя Гайдукова, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве».  



927b8ff24664de216dee929504955a44_w604_h403_q95.jpg

Андрэй Гайдукоў
Маці Гайдукова, якога ўжо паўгода трымаюць у турме КДБ, звярталася з просьбай пра спатканне ўжо двойчы. Першы раз ёй адмовілі яшчэ ўвосень, неўзабаве па затрыманні сына. Тады следчы Алег Барысевіч адмовіў, спаслаўшыся на «немэтазгоднасць» гэтага спаткання. Але, паводле Вольгі Гайдуковай, ёй сказалі, што спатканне верагодна дазволяць па сканчэнні следства ці перад судом.
«Зноў прыйшоў адказ: "Адмовіць“. І што асабліва крыўдна, без усялякіх тлумачэнняў. Са мной следчыя не размаўляюць, і ўсё, што я ведаю, — гэта з лістоў Андрэя. Яны кароценькія, на паўстаронкі. Але мне ўжо спакайней... Апошні ліст дык зусім кароткі: маўляў, падпісаў паперы, што пазнаёміўся з матэрыяламі справы, і што абвінавачанне застаецца ранейшае. А якое ранейшае? Нічога не ведаю. Адвакаты распавядаюць пра пабытовыя рэчы: што перадаць у турму, ці здаровы Андрэй. І нічога канкрэтнага, бо ўсіх павязалі падпіскай пра неразгалошванне», — кажа Вольга Гайдукова.
 
У апошнім лісце, датаваным 29 красавіка, Андрэй Гайдукоў напісаў, што пазнаёміўся з матэрыяламі сваёй справы. Разам з адвакатам ён вывучаў яе на працягу чатырох дзён. Даведаўшыся пра гэта, маці і напісала заяву на спатканне: разлічвала на тое, што следства ўжо скончанае. Цяпер, пасля чарговай адмовы, Вольга Гайдукова спадзяецца на магчымасць спаткання ўжо непасрэдна перад судом.
 
Справу Андрэя Гайдукова і заўвагі па ёй мусіць вывучыць пракуратура. І там вырашаць, ці дастаткова матэрыялаў, каб перадаць яе ў суд. Суд над аператарам «Нафтана», якога вінавацяць у шпіянажы на карысць замежных спэцслужбаў, верагодна, адбудзецца напрыканцы траўня.
 
Больш дакладна маці Андрэя Гайдукова нічога сказаць ня можа. Яна ня ведае нават, ці будуць трымаць сына пад вартай да самага суду: 8 траўня сканчваецца чарговы месяц, на які мінулым разам быў працягнуты тэрмін знаходжання сына ў СІЗА КДБ, але ў маці няма звестак пра тое, ці будзе зменена мера стрымання.
 
Сваякі і сябры ня вераць у тое, што Андрэй Гайдукоў мог займацца шпіянажам. Яны лічаць, што справа супраць яго ініцыявана КДБ у якасьці помсты за апазыцыйныя погляды.
Паводле http://www.svaboda.org