Магілёўскі праваабаронца абвінаваціў Аляксандра Лукашэнку ў неналежным выкананні бацькоўскіх абавязкаў
Магілёўскі праваабаронца Аляксандар Хамратаў лічыць, што распаўсюджаны ў СМІ відэасюжэт з паведамленнем пра тое, што Мікалай Лукашэнка працаваў на камбайне, які з'яўляецца аб’ектам падвышанай небяспекі, і намалаціў 5 тон збожжа, сведчыць пра шэраг правапарушэнняў.
«У дзеяннях сына прэзідэнта я бачу прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, якія выявіліся ў кіраванні механічным транспартным сродкам без правоў на яго кіраванне», — указаў праваабаронца ў сваёй першай заяве, накіраванай у МУС. Ён просіць правесці праверку па гэтым факце і ў выпадку пацверджання звестак, распаўсюджаных у навінах, прыцягнуць да адказнасці асобу, якая ня выканала абавязкі па выхаванні дзіцяці, піша svaboda.org са спасылкай на БелаПАН.
Акрамя таго, Хамратаў просіць міліцэйскае ведамства вызначыць асобу, якая перадала права кіравання камбайнам 12-гадоваму дзіцяці, і прыцягнуць гэтага грамадзяніна да адказнасці па артыкуле 18.9 (парушэнне правілаў карыстання транспартным сродкам) КаАП. Магілёўскі праваабаронца таксама накіраваў запыт у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Ён просіць растлумачыць, ці магчымы паводле заканадаўства аб працы допуск да работ на камбайне дзіцяці 12 гадоў, ці быў азнаёмлены падлетак з тэхнікай бяспекі і ці праходзіў інструктаж.