Машына з халастым ходам

На першы погляд, у нашай краіне няшмат чаго адбываецца. І дакладна можна сказаць, што не адбываецца таго, чаго не можа адбыцца пры любым, як кажуць, надвор’і.



43023.jpg

Прыкладам, нейкі час таму Лукашэнка пачаў кіраваць дзяржавай і грамадствам з дапамогай дырэктыў. Зараз ужо цяжка палічыць іх агульную колькасць і нумары па парадку, але можна дакладна сказаць: ні адна з іх не выканана. Ні тая, што забараняла п’яніцам піць на вытворчасці, ні тая, што дзеля эканоміі загадвала тапіць кацельныя толькі дровамі ды зніжаць энергаёмістасць вытворчасці ВУП. Але, безумоўна, самай няўдалай дырэктывай сталася прадпісанне па дэбюракратызацыі дзяржавы.
Мусіць, для большай эстэтычнай асалоды аўтары-складальнікі ўключылі ў гэты «лёсавызначальны» дакумент патрабаванне аб арганізацыі працы ўстаноў па прынцыпе «аднаго вакна». Зараз гэта дзіўнае акно глядзіць на наведвальнікаў шэрымі плямамі ўзораў бюракратычных даведак, якія ім трэба падрыхтаваць для падачы ў тое «адно вакно».
Што цікава, амаль адразу пасля падпісання дакумента было абвешчана пра поспехі ў рэалізацыі дырэктывы. Як гэта магло атрымацца, калі ўвесь апаратны строй дзяржавы атаясамліваецца з добрым або дрэнным бюракратычным парадкам, бюракратычнымі структурамі і чыноўнікамі? Услана кажучы, дзяржаўны лад ёсць бюракратычны лад, з якім грамадства пастаянна вядзе змаганне. Без гэтай барацьбы бюракраты паводзяць сябе быццам натуральныя бандыты.
Улада бюракрата ёсць уладай яго апарата. Чым ён мацнейшы з колькаснага боку, чым больш мае фінансавых і іншых матэрыяльных магчымасцяў і функцыянальных паўнамоцтваў, тым мацнейшай выглядае ўлада начальніка апарата. Што да кіраўніка дзяржавы, дык грамадскасць мае выпадак абсалютнага ўладарання над краінай, народам і асобамі, якое ўжо зрабілася празмерным. Гэта значыць, дасягнула верхняй рысы сваіх бюракратычных паўнамоцтваў, але магчымасці больш эфектыўна ўздзейнічаць на сітуацыю згубіла. З відавочнасцю гэта прадэманстравала апошняя выбарчая кампанія, калі ўлада рабіла ўсе магчымае і немагчымае, каб забяспечыць высокую яўку выбаршчыкаў (што раней не было складаным), а электарат збольшага паход да ўрнаў праігнараваў.
Дададзім, што ўся ліберальная крытыка камандна-адміністратыўнай эканомікі, адноўленай у Беларусі па лепшых савецкіх узорах, зыходзіць з таго, што ў такой эканоміцы прадпрыемствы не з’яўляюцца эканамічнымі суб’ектамі ў традыцыйным сэнсе гэтага слова. Яны з’яўляюцца бюракратычнымі інстытутамі і ў гэтай якасці ў лепшым выпадку толькі дэманструюць імкненне да падвышэння эфектыўнасці і прыбыткаў. На самай жа справе яны ставяць мэты падвышэння бюджэтнага фінансавання, для чаго імкнуцца да пастаяннага пашырэння колькаснага складу і функцыянальных паўнамоцтваў уласных кантор.
І першае, і другое падвышае месца канторы ў вертыкальнай іерархіі і дазваляе рознымі спосабамі павялічваць матэрыяльныя выплаты кіраўнікам і персаналу.
Савецкая сістэма кіравання любой сферай была наскрозь бюракратычнай, і таму яе чальцы на любым узроўні спакойна ўспрымалі чарговую кампанію дэбюракратызацыі, якую перыядычна абвяшчаў ці пленум, ці з’езд партыі. Звычайна ўсе планы па аптымізацыі штатнага раскладу заканчваліся адпраўкай некалькіх маладых жанчын у дэкрэтны адпачынак, часовым пераводам на іх пасады іншых работнікаў, а праз год-два начальства зноў дамагалася павялічэння штату.
Так яно ўсё і рухалася па аднойчы ўсталяванай каляіне, перыядычна трапляючы як тэма для абмеркавання на старонкі публіцыстычных або сатырычных артыкулаў.
Беларускі досвед скарачэння кадраў аказаўся такім жа, як і савецкі: размоваў на рубель — спраў на капейку.
А між тым, у краіне ёсць чым заняцца. Прынамсі, за год былі выкарыстаны магчымасці падвышэння экспарту, атрыманыя дзякуючы маштабнай падвойнай дэвальвацыі рубля. Справа ў тым, што дэвальвацыя (за кошт змяншэння валютнага ўтрымання рубля) скарачае ўнутраны попыт на тавары і паслугі. А вось магчымасці экспарцёраў толькі растуць. З гэтай нагоды пасля майскай дэвальвацыі 2011 года пачаўся апераджальны рост аб’ёмаў экспарту над імпартам. Прафіцыт знешняга гандлю захоўваўся на пачатку ацяпляльнага сезона, а з зімы бягучага года пачаўся яго імклівы рост.
Шмат хто з афіцыйных асоб паспяшаўся назваць гэта чарговым беларускім цудам, супраць чаго выказаўся расійскі бок. На думку расіян, прафіцыт быў забяспечаны беларускім экспартам расійскіх нафтапрадуктаў, якія свядома не ўключаліся ў спіс падакцызных тавараў.
Усё быццам бы зразумела, але не вельмі. Бо хацелася б больш дакладна даведацца, каму ж на самай справе належалі тыя растваральнікі...