Мастак Алесь Пушкін прызнаны палітвязнем

Мастака Алеся Пушкіна, які быў затрыманы 30 сакавіка, прызналі палітвязням, паведамляе «Вясна».

screenshot_5_4_1200x798.jpg

26 сакавіка ў дачыненні Пушкіна была ўзбуджаная крымінальная справа «за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму» (ч.3 арт. 130 КК). У пракуратуры паўсталі прэтэнзіі да партрэта Аўгена Жыхара аўтарства Пушкіна, які быў прадстаўлены на выставе работ мастака.

Праваабаронцы адзначаюць, што партрэт Жыхара не з'яўляецца апраўданнем ідэалогіі і практыкі нацызму, ухваленнем учыненых нацыстамі злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва, у тым ліку ваенных злачынстваў, ухваленнем або апраўданнем дзейнасці арганізацый і асоб, якія былі прызнаныя злачыннымі прысудамі Міжнароднага ваеннага трыбунала або прысудамі іншых судоў, заснаваных на прысудзе Міжнароднага ваеннага трыбунала.

«Антысавецкі супраціў, які ажыццяўляўся на тэрыторыі Беларусі ў пасляваенны перыяд супраць таталітарнага і вельмі рэпрэсіўнага сталінскага камуністычнага рэжыму, таксама з'яўляецца часткай гісторыі нашай краіны. Характарызуючы асобу, якую ён намаляваў на партрэце, Алесь Пушкін не распальваў гэтай варожасці па нацыянальных, расавых, рэлігійных ці іншых прыкметах, не ажыццяўляў прапаганду вайны, не рабіў заклікаў да якіх-небудзь гвалтоўных дзеянняў. Адпаведна ў яго дзеяннях адсутнічае склад злачынства, прадугледжаны арт. 130 КК», — гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы лічаць крымінальную справу ў дачыненні Пушкіна палітызаванай і патрабуюць вызваліць мастака з-пад варты і спыніць яго крымінальны пераслед.
Паводле reform.by.