Мікалай Статкевіч: Мяне затрымалі, каб дыскрэдытаваць

Мікалай Статкевіч, адпушчаны на волю раніцай 27 сакавіка, паведаміў журналістам падрабязнасці свайго затрымання.

5f05b3197f939311f97fd48af4811b14_1.jpg


Паводле слоў палітыка, ён выбраўся з дому раніцай 23 сакавіка. Пакінуў свой смартфон, каб па яго сігнале міліцыя не змагла яго знайсці. Адарваўшыся ад вонкавага назірання, Статкевічу ўдалося дабрацца да метро. Затым яго сустрэў адзін з паплечнікаў і на машыне звёз "у кватэру жонкі калегі", у якой зараз ідзе рамонт. Там палітык спадзяваўся "пратрымацца хаця б да вечара пятніцы". Аднак познім вечарам 23 сакавіка ў кватэру, дзе хаваўся Статкевіч, прыйшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Паводле яго слоў, дзверы яны адчынілі ключом. Палітыка павезлі на цывільным аўтамабілі, а каб не запомніў дарогу, на вочы яму нацягнулі шапку.
У СІЗА КДБ следчы капітан Васілеўскі паведаміў палітыку, што той з`яўляецца падазроным па крымінальнай справе "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў разам з групай неўстаноўленых асоб" (20 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра выяўленне "лагера баевікоў" і затрыманне двух дзясяткаў чалавек, якія рыхтавалі ў Беларусі ўзброеныя беспарадкі, як пра факт). Аднак, паводле слоў Статкевіча, дакумент аб затрыманні, які яму паказалі, быў зацверджаны першым намеснікам старшыні КДБ генерал-маёрам Ігарам Сергіенкам 21 сакавіка, гэта значыць праз суткі пасля таго, як пра гэта заявіў Лукашэнка.
Азнаёміўшыся з дэталямі справы, Статкевіч са здзіўленнем адзначыў: у пратаколе аб яго затрыманні, які быў падпісаны супрацоўнікам КДБ Ражком, значылася, што апазіцыянер рыхтаваў масавыя беспарадкі з 2011 года, нягледзячы на тое што з канца 2010 года да сярэдзіны 2015 года ён фактычна знаходзіўся у зняволенні.
Тры дні Статкевіч прабыў у адзіночнай камеры ў СІЗА КДБ. Раніцай 27 сакавіка яго вывелі з камеры і паведамілі, што вязуць "для правядзення следчых дзеянняў". Аднак палітыка прывезлі ў пасёлак Сокал непадалёк ад Мінска і адпусцілі, аддаўшы ўсе асабістыя рэчы, але не пакінуўшы ніякіх дакументаў, звязаных з яго абвінавачваннем.
На думку Статкевіча, яго затрымалі для таго, каб дыскрэдытаваць у вачах прыхільнікаў, каб паказаць, што быццам палітык спалохаўся акцыі 25 сакавіка і схаваўся. Тое, што яго адпусцілі, можа сведчыць аб надзеях беларускіх уладаў на захаванне адносін з Захадам, лічыць палітык.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН