КДБ: Статкевіч у СІЗА КДБ не змяшчаўся

Мікалай Статкевіч у следчы ізалятар КДБ не змяшчаўся, паведаміў БелаПАН начальнік прэс-службы Камітэта дзяржаўнай бяспекі Дзмітрый Пабяржын.

Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч на акцыі ў памяць ахвяр Сталінскіх рэпрэсій каля КДБ. 29 кастрычніка 2016 г.

Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч на акцыі ў памяць ахвяр Сталінскіх рэпрэсій каля КДБ. 29 кастрычніка 2016 г.


"Органамі дзяржбяспекі Статкевіч не затрымліваўся, у СІЗА КДБ не змяшчаўся", — сказаў прадстаўнік камітэта.
Раніцай 27 сакавіка жонка Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла, што яго прывезлі з КДБ. Сам Статкевіч заявіў, што падпісаў некалькі папер, у прыватнасці аб адмове ад дачы паказанняў. Аднак, паводле слоў палітыка, дакумент аб неразгалошванні і падобныя ён не падпісваў.
На пытанне аб сваім цяперашнім статусе палітык адказаў: "Не ведаю, быў падазроным. Затрымліваўся як падазроны (па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. — БелаПАН.). Паперы забралі, і цяпер, наколькі я разумею, яны будуць адмаўляцца, што мяне там трымалі ў 16-й камеры". На думку Статкевіча, яго затрымалі для таго, каб дыскрэдытаваць у вачах прыхільнікаў, каб усё было такім чынам, быццам палітык спалохаўся акцыі 25 сакавіка і схаваўся.
Пра месцазнаходжанне Мікалая Статкевіча не было нічога вядома з сярэдзіны мінулага тыдня. Статкевіч не ўдзельнічаў у мітынгах і шэсцях апазіцыі, якія адбыліся ў краіне 25 сакавіка, у 99-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Афіцыйныя прадстаўнікі МУС і КДБ заяўлялі БелаПАН, што асабіста ім нічога не вядома пра лёс апазіцыйнага палітыка.
Марына Адамовіч мела намер падаць у праваахоўныя органы заяву аб яго знікненні. Паводле слоў Адамовіч, яна аб`ездзіла ўсе месцы, дзе Статкевіч мог знаходзіцца, у тым ліку следчы ізалятар № 1 МУС, Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна і следчы ізалятар КДБ. Менавіта ў СІЗА КДБ ёй "даведак не далі". Яна выказала здагадку, што Статкевіча могуць трымаць там.
Напярэдадні акцыі 25 сакавіка скрыня электроннай пошты і акаўнты на "Фэйсбуку" палітыка і яго жонкі былі ўзламаныя, паролі змененыя. Увечары 24 сакавіка ад імя Адамовіч з`явілася лжывае паведамленне, што Статкевіч адмаўляецца ад правядзення вулічнай акцыі з нагоды Дня Волі. Адамовіч палічыла, што гэтыя паведамленні з`явіліся ўжо пасля затрымання яе мужа, каб ён "не мог сам іх абвергнуць".
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН