Мінадукацыі вырашыла, якія іспыты школьнікі будуць здаваць у новым годзе

Мінадукацыі вызначыла спіс прадметаў, па якіх выпускнікі школ будуць здаваць іспыты ў 2017/2018 навучальным годзе. Адпаведны дакумент абнародаваны на сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала.

Фота: Анжаліка Васілеўская / tut.by

Фота: Анжаліка Васілеўская / tut.by

У параўнанні з мінулым годам сітуацыя не памянялася: пасля 9-га класа вучні будуць здаваць тры прадметы, пасля 11-га — чатыры.
За базавую школу вучням давядзецца здаваць дыктоўкі па рускай і беларускай мовах, а таксама кантрольную па матэматыцы. Выпускнікоў 11-га класа чакаюць іспыты па беларускай або рускай мовах (на выбар), а таксама па матэматыцы, замежнай мове і гісторыі Беларусі. Замежную мову і гісторыю вучні здаюць вусна. Іспыт па гісторыі пасля 11-га класа ўключае ў сябе тэмы ад самых старажытных часоў да нашых дзён, дадае tut.by.
Школьнікі, якія вучацца на мове нацыянальнай меншасці — польскай ці літоўскай, — дадаткова здаюць пісьмовы іспыт па гэтай мове.
Навучэнцы з парушэннем слыху і цяжкімі парушэннямі маўлення, якія засвоілі праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, здаюць абавязковыя пісьмовыя іспыты па матэматыцы і беларускай або рускай мове (у залежнасці ад мовы навучання і выхавання). Гісторыю Беларусі яны будуць здаваць вусна.
Навучэнцы з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата, зроку, псiхiчнага развiцця (цяжкасцямi ў навучаннi) здаюць пісьмовыя іспыты па матэматыцы і беларускай або рускай мове (на выбар) і вусна — замежную мову ды гісторыю Беларусі.
euroradio.fm