Мінгарвыканкам наконт «дошкі БНР»: «Рашэнне пакуль не прынятае»

Назваць вуліцу Валадарскага ў гонар братоў Луцкевічаў гарадскія ўлады адмовіліся, бо «не экстраны» выпадак. Што з устаноўкай дошкі ў гонар 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР, незразумела: прычынаў такога доўгага разгляду ў адказе не называюць, паведамляе «Радыё Свабода».

291dc4ca_40b9_4eb9_9937_fb6f6383c94b_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s_1.jpg

Мастак Мікола Купава атрымаў адказ ад намесніка старшыні Мінгарвыканкаму Ігара Юркевіча наконт дзвюх ініцыятываў, звязаных са 100-годдзем абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Як расказаў Купава “Радыё Свабодзе”, з дошкай «пакуль не прынятае рашэнне», але прычыны таго, чаму рашэння няма, не называюцца.

Гарадскія ўлады далі папярэднюю вусную згоду на ўстаноўку дошкі, вырабленай 25 гадоў таму, яшчэ 1 сакавіка, але канчатковай згоды няма дагэтуль. За кошт ахвяраванняў (патрэбную суму сабралі за тры гадзіны) скульптар Ігар Засімовіч вырабіў новую дошку, бо старая прыйшла ў непрыдатны стан.

Мастацкая рада Мінгарвыканкаму яшчэ ў красавіку зацвердзіла вонкавы выгляд дошкі, аднак, насуперак ранейшым дамоўленасцям, афіцыйнага рашэння Мінгарвыканкаму аб устаноўцы няма дагэтуль. Купава мяркуе, што «так можна цягнуць і год, і два», але давядзецца набрацца цярпення.

Дошку збіраюцца ўсталяваць тут, на доме 9 па вуліцы Валадарскага, дзе 25 сакавіка 1918 году абвясцілі незалежнасць БНР

Дошку збіраюцца ўсталяваць тут, на доме 9 па вуліцы Валадарскага, дзе 25 сакавіка 1918 году абвясцілі незалежнасць БНР

Раней Мінгарвыканкам ужо парушыў закон, не адказаўшы на зварот адносна дошкі БНР цягам вызначанага тэрміну, але ці быў нехта пакараны за такое парушэнне, невядома.

Ідэю перайменаваць вуліцу Валадарскага ў гонар братоў Луцкевічаў, ідэолагаў адраджэння беларускай дзяржаўнасці, Мінгарвыканкам адхіліў, бо такія перайменаваньні робяцца «толькі ў экстраных выпадках». Таксама гарадскія ўлады спасылаюцца на тое, што нядаўна ўжо быў усталяваны мемарыяльны знак у гонар братоў Луцкевічаў — у парку Купалы, на месцы, дзе стаяў іхны дом.

«Праспект Скарыны яны ў экстраным парадку перайменавалі, і ніякіх праблемаў у іх не было, — здзіўляецца Купава. — Мы будзем раіцца ў аргкамітэце, што далей рабіць. Я думаю, што гэта не адназначна і не канчаткова, гэта з іхнага пункту гледжання адназначна. Застаецца ж вуліца тэрарыста Валадарскага! Дакладна будзем рэагаваць».

Купава сумняваецца, што адказы Мінгарвыканкаму варта абскарджваць у судовым парадку, бо «ясна, на чыю карысць будзе рашэнне», але абяцае: «У любым выпадку мы гэтага так не пакінем».

 www.svaboda.org