Мінюст распачаў пазапланавую праверку Згуртавання «Бацькаўшчына»

Міжнародная грамадская арганізацыя «Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына"» 6 ліпеня атрымала ліст Міністэрства юстыцыі з паведамленнем аб пачатку правядзення «кантрольных мерапрыемстваў па вывучэнні дзейнасці [арганізацыі] на прадмет адпаведнасці патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь і статута».

unnamed_259.jpg


Дакументы за апошнія тры з паловай гады, пералік назваў якіх займае аж тры старонкі, неабходна прадаставіць у Міністэрства да 13 ліпеня. Асноўная частка дакументаў тычыцца працы выбарных органаў Згуртавання, але ёсць і такі пункт: «Документы, касающиеся организации МОО ЗБС "Бацькаўшчына" школ, курсов по изучению белорусского языка, культуры и истории Беларуси». Відаць, ён выкліканы адной з асноўных мэт, замацаванай Статутам: «Спрыянне росту павагі беларусаў да сваёй гісторыі, культуры і мовы, любові да роднай зямлі».
Раней пазапланавая праверка распачалася ў дачыненні да іншых грамадскіх арганізацый — РГА «Беларускі ПЭН-Цэнтр», ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», аб’яднанняў «Экадом», «Звяно», Руху «За Свабоду».«Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына"» заснавана ў 1990 годзе, зарэгістравана ў 1991 (сёлета, у снежні, будзе трыцаць гадоў з даты афіцыйнага пачатку дзейнасці), супрацоўнічае з беларускай дыяспарай болей чым з 20 краін свету, спрыяе захаванню гісторыі і набыткаў беларусаў замежжа, наладжванню сувязей паміж Беларуссю і яе суайчыннікамі. Дзякуючы шматгадовым захадам Згуртавання ў 2014 годзе быў прыняты закон «Аб беларусах замежжа». «Бацькаўшчына» неаднаразова выходзіла з прапановамі ў дзяржаўную праграму і іншыя заканадаўчыя акты па наладжванні эфектыўнага супрацоўніцтва з беларускім замежжам і выкарыстання яго магутнага патэнцыялу ў развіцці краіны.
Адным з самых значных і пазнавальных мерапрыемстваў Згуртавання ёсць З’езды беларусаў свету МГА «ЗБС "Бацькаўшчына"». Важным накірункам аб’яднання з’яўляецца навукова-даследчы. У серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» пабачылі свет 50 кніг, прысвечаных жыццю і дзейнасці беларусаў замежжа.
Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС "Бацькаўшчына"»