Місія МАП сустрэлася з актывістамі незалежных прафсаюзаў

28 студзеня ў Мінску адбылася сустрэча кіраўнікоў сяброўскіх арганізацый і актывістаў БКДП з Місіяй прамых кантактаў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) на чале са спецыяльным дарадцам Генеральнага дырэктара МАП Кары Тапіёла.



mot_mission_2014.jpg

Місія МАП у Мінску 28 студзеня 2014 года

У складзе місіі таксама тры эксперты МАП: Аксана Вольфсан, Франка Амата, Хальтон Чыдла.

Як паведамляе сайт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, члены місіі змаглі атрымаць інфармацыю аб парушэннях правоў незалежных прафсаюзаў з першых рук. Актывісты БКДП распавялі членам місіі аб канкрэтных фактах парушэнняў правоў свабодных і незалежных прафсаюзаў на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў, Мазырскім НПЗ, ААТ «Нафтан», ААТ «Полацк-Шкловалакно», пра незаконныя адмовы ў рэгістрацыі Бабруйскай гарадской першаснай арганізацыі прафсаюза РЭП і незаконным зняцці з уліку Барысаўскай гарадской першаснай арганізацыі прафсаюза РЭП. Членам місіі былі перададзеныя пакеты дакументаў з доказамі агучаных фактаў парушэнняў прафсаюзных правоў. Акрамя таго, місія МАП сустрэлася з прадстаўнікамі знішчанага ўладамі незалежнага прафсаюза РУВП "Граніт".

"Беларускае пытанне" аб парушэнні правоў працоўных разглядаецца ў сценах МАП з 2000 года. У 2004 годзе беларускі ўрад атрымаў 12 рэкамендацый МАП. Улады павінны былі даць незалежным прафсаюзам магчымасць рэгістраваць пярвічныя арганізацыі; спыніць пераслед грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасці; забяспечыць усім прафсаюзным аб'яднанням права ўдзелу ў вырашэнні важных сацыяльных праблем краіны. Аднак афіцыйны Менск праігнараваў рэкамендацыі МАП. З-за гэтага ў 2007 годзе краіна была выключана з Генеральнай сістэмы гандлёвых прэферэнцый Еўрасаюза.

Місія МАП прабудзе ў Беларусі да 31 студзеня. Прадстаўнікі МАП плануюць сустрэцца з кіраўніцтвам Міністэрства працы і сацыяльнай абароны  Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ПБ)  а таксама наведаць шэраг прадпрыемстваў.

Фота bkdp.org


spring96.org