Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў святароў і вернікаў маліцца за арыштаванага ксяндза Лазара

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў святароў і католікаў маліцца за шчаслівае вырашэнне сітуацыі з арыштаваным ксяндзом Уладзіславам Лазарам. Гэты заклік прагучаў на пастырскай сустрэчы духавенства і манаскіх асоб епархіі 19 верасня ў парафіі Узвіжання Святога Крыжа (Вілейка Мінскай вобласці), паведамляе афіцыйны партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі catholic.by.



d90015cd_582d_41b6_aee0_197fadc3b2a2_mw1024_n_s.jpg

Тадэвуш Кандрусевіч

Кажучы пра арышт ксяндза Лазара, мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў духавенства і манаскіх асоб "не рабіць ніякіх дзеянняў без узгаднення з біскупам". "Гэта справа выклікала шырокі рэзананс у Беларусі і свеце і, на жаль, не садзейнічала яднанню. Следства працягваецца, і сёння цяжка выказваць меркаваць, чым закончыцца справа. Трэба маліцца ў гэтай інтэнцыі", — сказаў іерарх.


Нагадаем, пра затрыманне ксяндза стала вядома ў канцы ліпеня. 12 верасня з 54-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі паведамлялася, што ксяндзу Лазару ставіцца ў віну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы. 


"Пасля многіх намаганняў і доўгага чакання сёння Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі атрымала зыходную ад дзяржаўных органаў інфармацыю аб затрыманні кс. Уладзіслава Лазара", — гаварылася ў паведамленні. Ксёндз "сапраўды затрыманы органамі КДБ і знаходзіцца ў СІЗА КДБ у г. Мінску". Ён абвінавачваецца паводле п. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве), згодна з якім яму пагражае зняволенне ад 7 да 15 гадоў. Яго крымінальная адказнасць вызначаецца п. 6 арт. 16 КК (садзейнічанне ў злачынстве). "У бліжэйшай будучыні" апостальскаму нунцыю ў Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупу Клаўдыа Гуджэроці будзе дадзена магчымасць асабістай сустрэчы з Лазарам.


Ксёндз Уладзіслаў Лазар — грамадзянін Беларусі, вучыўся ў Гродзенскай семінарыі, затым у Польшчы. У красавіку гэтага года быў прызначаны адміністратарам з правамі пробашча парафіі Спаслання Духу Святога ў Барысаве. Раней служыў у Мар`інай Горцы і Рудзенску (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці).
Захар Шчарбакоў, БелаПАН