Мясцовыя праблемы — следства адсутнасці выбараў
У Брэсце пачалі збор подпісаў за добраўпарадкаванне неабсталяваных пешаходных дарожак. У якасці прыкладу абраная тэрыторыя ў мікрараёне Паўднёвы.
На працягу 5 гадоў штодня сотні людзей карыстаюцца маршрутам, які пралягае праз неабсталяваныю пешаходную зону на скрыжаванні вуліц Ракасоўскай і Гвардзейскай насупраць Брэсцкай ваеннай камендатуры, канстатуе ў сваім звароце кіраўнік абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі. У непагадзь або зімовы час гэта прыносіць значныя нязручнасці для жыхароў мікрараёна. Акрамя таго, неабсталяваная пешаходная зона паслужыла прычынай змяншэння травянога покрыва.
«У шмат якіх краінах існуе практыка, што пешаходныя дарожкі добраўпарадкоўваюць і пракладваюць па тых маршрутах, па якіх ужо ходзяць людзі. Такім чынам, можна фармаваць гарадское асяроддзе паступова, гэта значыць, не адразу ўладкоўваць ўсю інфраструктуру, а адгукацца на патрэбы жыхароў і крок за крокам удасканальваць гарадскі дызайн», — каментуе сітуацыю лідар брэсцкіх сацыял-дэмакратаў, кіраўнік арганізацыі « За свой горад » Ігар Маслоўскі.
«Для павышэння якасці жыцця гараджан просім добраўпарадкаваць пешаходную дарожку тратуарнай пакрыццём ў гэтым годзе ці ўключыць у планы па добраўпарадкаванні на 2018 год», — дадае Ігар Маслоўскі.
Большасць мясцовых праблем — следства адсутнасці сумленных і справядлівых выбараў у краіне. Дэпутаты мясцовых саветаў робяць справаздачу не перад сваімі выбаршчыкамі, а перад вышэйшым начальствам. Варта змяніць гэты прынцып. Дэпутаты павінны быць прадстаўнікамі народа і змагацца за павышэнне якасці жыцця простых людзей.
Паводле прэс-службы Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП