Мужчыну, які даглядае жонку з інваліднасцю, прысудзілі два гады «хіміі» за каментар

Мужчыну, які даглядае жонку з інваліднасцю, прысудзілі два гады "хіміі" за каментар пад фота з даішнікам Вольнічам.

zhlobin_sud_07.jpg

25 лютага суд Лепеля і Лепельскага раёна вынес рашэнне па справе Міхаіла Чумакова, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па арт. 369 "Абраза прадстаўніка ўлады".
Судовае пасяджэнне узначальваў суддзя Дзмітрый Васюк, паведамляюць праваабаронцы.
Пра абвінавачанага вядома, што яму 59 гадоў. Мужчына жанаты, яго жонка мае інваліднасць і патрэбу ў штодзённай дапамозе. На ўсіх месцах працы, дзе раней мужчына быў працаўладкаваны, яго характарызуюць як станоўчага з усіх бакоў чалавека.
Міхаіла Чумакова абвінавачваюць у тым, што 22 чэрвеня 2020 года ў Аднакласніках пад пастом Вольгі Карач мужчына пракаментаваў фота, на якім старэйшы лейтэнант Вольніч разам з іншымі супрацоўнікамі міліцыі жорстка затрымлівае мужчыну.
Фатаграфія, пра якую ідзе гаворка, ужо стала знакамітай. Бо пасля таго паста ў “Аднакласніках”, негатыўныя каментары пад якім пакінулі сотні людзей, Вольніч падаў у суд на сваіх крыўдзіцеляў ужо шмат разоў. І працягвае гэта рабіць, спаганяючы з усіх каментатараў маральную кампенсацыю.
Па згодзе бакоў судовае пасяджэнне па справе Міхаіла Чумакова прайшло ў скарочанай форме і заняло ўсяго 45 хвілін.
Абвінавачаны і яго жонка знаходзіліся ў вельмі прыгнечаным стане. Раней Міхаіл Станіслававіч ніколі не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Вядома таксама, што падчас следчых дзеянняў Міхаіл Чумакоў прыносіў прабачэнні Вольнічу, і што абвінавачанага ўтрымлівалі пад вартай.
Хвалюючыся перад судом, мужчына настолькі разгубіўся, што забыўся дома пасведчанне аб інваліднасці жонкі, якое пры вынясенні рашэння судом магло б хадайнічаць аб больш мяккім пакаранні.
Падчас судовага пасяджэння Міхаіл Станіслававіч распавёў, што калі ён убачыў, як на фота некалькі міліцыянтаў затрымліваюць аднаго мужчыну, і пры гэтым пацярпелы Вольніч прыціснуў таму галаву каленам, не стрымаўся, каб не адрэагаваць на фота эмацыйна. У выніку пакінуў пад пастом Вольгі Карач каментар з нецэнзурнай лексікай. Тэкст таго самага каментара падчас судовага пасяджэння не агучвалі.
Пацярпелага Вольніча апыталі па інтэрнэце. Супрацоўнік ДАІ растлумачыў, што падчас таго затрымання ён выконваў свой службовы абавязак і даручэнне вышэйстаячага начальства, а той мужчына, галаву якога ён прыціскаў каленам, быў у нецвярозым стане і раней судзімы.
Таксама Вольніч паведаміў суду, што каментар абвінавачанага прынёс яму маральныя пакуты і страх перад людзьмі, з якімі давялося сутыкацца па абавязку службы.
У якасці маральнай кампенсацыі Вольніч запытаў 1 500 рублёў.
Падчас судовых спрэчак бок абвінавачвання выказаўся пра тое, што віна Чумакова цалкам знайшла сваё пацверджанне, ды і сам абвінавачаны яе прызнаў.
У якасці пакарання для Міхаіла Чумакова пракурорка запытала 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Калі мужчына пачуў гэта, папрасіў суд змякчыць пакаранне, бо лічыць яго занадта жорсткім.
25 лютага суд Лепеля і Лепельскага раёна прызнаў Міхаіла Чумакова вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады», прысудзіўшы яму 2 гады «хіміі» і пастанавіўшы выплаціць Вольнічу маральную кампенсацыю.
Даведку аб інваліднасці жонкі пасля заканчэння суда ў абвінавачанага так і не прынялі.