МЗС яшчэ не разглядала пытанне акрэдытацыі карэспандэнтаў «Белсата»
"Міністэрства замежных спраў пакуль не разглядала пытанне акрэдытацыі карэспандэнтаў "Белсата", паколькі пасяджэнне адпаведнай камісіі не праводзілася", – паведаміў на брыфінгу ў Мінску прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.
"Што тычыцца тэрмінаў разгляду заявак, ёсць пункт 7 у палажэнні аб акрэдытацыі журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі, яны там дакладна абумоўлены. З нагоды пасяджэнняў камісіі па акрэдытацыі нейкіх фіксаваных дат пасяджэнняў не існуе. Яны праводзяцца зыходзячы з тэрмінаў разгляду заявак, а таксама працоўнага графіка членаў камісій”, – сказаў Мірончык.
Як паведамляе Белапан, у пункце 7 зацверджанага Саветам Міністраў у 2008 годзе палажэнні аб парадку акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь журналістаў замежных СМІ сказана: "Зварот аб атрыманні журналістам замежнага сродка масавай інфармацыі пастаяннай акрэдытацыі разглядаецца камісіяй па пытаннях акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў у двухмесячны тэрмiн з дня атрымання адпаведнага звароту, а часовай акрэдытацыі – не пазней за 20 дзён з дня атрымання адпаведнага звароту".
Незалежны тэлеканал "Белсат" чацвёрты раз спрабуе атрымаць акрэдытацыю ў Беларусі. Неабходны пакет дакументаў быў пададзены ў беларускае МЗС 21 сакавіка. Як тлумачыў афіцыйны прадстаўнік канала ў Беларусі Аляксей Мінчонак, папярэднія тры разы "Белсат" спрабаваў атрымаць акрэдытацыю для свайго карпункта ў Мінску, зараз жа пададзеныя дакументы на акрэдытацыю сямі журналістаў і аператараў.
Раней МЗС адмаўляла ў акрэдытацыі карпункту на падставе таго, што супрацоўнікі "Белсата" парушалі беларускае заканадаўства, працуючы без акрэдытацыі.
Паводле Радыё Рацыя