На беларускіх вакзалах з'явяцца тэрміналы, якія выдаюць рэшту

На ўсіх вакзалах краіны з'явяцца тэрміналы па продажы чыгуначных квіткоў, дзе пасажыры змогуць разлічыцца не толькі карткай, але і гатоўкай. Больш за тое, аўтамат выдасць рэшту.

Фота: Кацярына Панцялеева, tut.by

Фота: Кацярына Панцялеева, tut.by

Тэрміналы плануюць паставіць не на чыгуначных станцыях, а менавіта на вакзалах — іх у краіне 19.
Пакуль тэрміналы, дзе можна купіць квіток за гатоўку і атрымаць пры гэтым рэшту, ёсць толькі ў Мінску. Усталяваныя яны на вакзале «Мінск-Пасажырскі», тут іх 10, а пазней стане 17.
— Стаіць задача на ўсіх вакзалах у абавязковым парадку ўсталяваць тэрміналы, дзе чалавек зможа аформіць праязны дакумент, не прывязваючыся да білетнай касы, — тлумачыць Аляксандр Захарэвіч, начальнік пасажырскай службы перавозак БЧ. — Асаблівасць гэтага апарату ў выдачы рэшты. Закінуць у тэрмінал можна капейкі вышэй «дзясяткі», здачу ж, пры неабходнасці, чалавек атрымае цалкам. Гэта значыць выкарыстоўваецца і адна капейка, і дзве.
У гэтым годзе БЧ закупіць яшчэ каля 70 такіх тэрміналаў. У кастрычніку такія навінкі з'явяцца ў Оршы, Барысаве, Маладзечне. А пазней папоўняць вакзалы ў Баранавічах, Гродне, Лідзе, Лунінцы, Брэсце, Гомелі, Жлобіне, Калінкавічах, Магілёве, Асіповічах, Бабруйску, Віцебску і Полацку.
Паводле tut.by