На допыце ў Шклове мужчына падпаліў сябе і супрацоўніка міліцыі
Днём 31 траўня ў Шклоўскім РАУС адбылося надзвычайнае здарэнне. Па словах мясцовых жыхароў, у кабінеце будынка падчас допыту мужчына ўчыніў падпал, супрацоўнік райаддзела атрымаў цяжкія траўмы і знаходзіцца ў бальніцы.
Як паведамілі журналістам найбуйнейшага ў Беларусі, але «экстрэмісцкага» парталу, тры не звязаныя паміж сабой крыніцы, надзвычайнае здарэнне адбылося ў аўторак.
«Горад абмяркоўвае, відавочцы распавядаюць, што мужчыну выклікалі на допыт, і ён падпаліў сябе і следчага. У кабінеце быў пажар, засталіся сляды на будынку — напісаў супрацоўнік аднаго са шклоўскіх прадпрыемстваў. — Знаёмы бачыў абпаленыя рэчы і кучу разявак каля РАУС».
Паводле яго слоў, следчы атрымаў апёкі 90% цела і знаходзіцца ў раённай бальніцы. Супрацоўнікі Шклоўскай ЦРБ пацвердзілі: туды паступіў супрацоўнік міліцыі 1995 года нараджэння з апёкамі цела 90%.
«Ён у рэанімацыі, а той, хто ўчыніў падпал, нібы як, памёр», — распавялі ў бальніцы.
Аб тым, што мужчына, які ўчыніў падпал, загінуў, казаў і яшчэ адзін суразмоўца. Па яго словах, ён пранёс у будынак бензін. Больш пра яго нічога невядома.
Па інфармацыі СМІ, пацярпелага следчага завуць Дзмітрый Хадарэнка, яму 27 гадоў. У траўні 2018 года на сайце раённай газеты «Ударны фронт» выходзіла публікацыя аб працы Шклоўскага РАУС, у ёй згадваўся оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Дзмітрый Хадарэнка. Тады ён распавядаў, што ўладкаваўся ў райаддзел у жніўні 2017 года, прыйшоў пасля інстытута МУС, «можна сказаць, здзейсніў дзіцячую мару».
Праз пяць месяцаў, у кастрычніку 2018-га, на святкаванні юбілею крымінальнага вышуку Беларусі Дзмітрыю Хадарэнку ўручылі грамату УУС Магілёўскага аблвыканкама, ён быў у званні старшага лейтэнанта міліцыі. Увосень 2020-га таксама атрымаў грамату ад начальніка УУС.
Паведамляюць, што ў памяшканні падчас пажару мог знаходзіцца яшчэ адзін супрацоўнік міліцыі. Ён не пацярпеў.
Следчы камітэт афіцыйна пацвердзіў інцыдэнт.
Паведамляецца, што днём 31 траўня ў райаддзел даставілі для разбору жыхара Магілёва, «адбылося ўзгаранне канфіскаванай маёмасці», у працоўным кабінеце пачаўся пажар. Мужчына загінуў, супрацоўнік аддзела шпіталізаваны. «Па гэтым факце следчым упраўленнем УСК па Магілёўскай вобласці праводзіцца праверка. Прычына здарэння выяўляецца», — гаворыцца ў паведамленні.