Намеснік міністра абароны пра войскі НАТА ля беларускай мяжы: пытанне па-за кампетэнцыяй Міністэрства
Начальнік узбраення УС Беларусі Сяргей Сіманенка лічыць, што Беларусі з Захаду ніхто не пагражае. Пра гэта ён заявіў падчас прамой тэлефоннай лініі блогеру Андрэю Павуку.
Запіс размовы можна пачуць на канале «Рудабельская
паказуха», піша «Салідарнасць».
— Ніякай боязі, што нам хтосьці пагражае (з заходняга боку), няма. Мы пастаянна павінны ўдасканальваць, трэніраваць свае Узброеныя сілы і,
як гаворыцца, трымаць порах сухім, і быць у гатоўнасці адказваць на ўсялякія
пагрозы, якія нам могуць паступіць з любога боку, — адказаў намеснік міністра
на пытанне пра пагрозы з Захаду.
Павук удакладніў у Сіманенкі інфармацыю з нагоды наяўнасці
баявой тэхнікі на памежнай з Беларуссю тэрыторыі, прывёўшы цытату Лукашэнкі: «Натаўскія войскі ляскаюць гусеніцамі каля нашай брамы».
— Пытанне знаходзіцца па-за рамкамі кампетэнцыі Мінабароны — хто ляскае, дзе ляскае... Мы правяраем свае Узброеныя сілы, мы
абавязаны трымаць іх у тонусе, каб людзі ўмелі страляць, выкарыстоўваць
тэхніку, умелі вадзіць, падтрымлівалі баявую гатоўнасць.
На пытанне пра тое, якую пазіцыю займае Міністэрства
абароны Беларусі ў канфлікце Расіі і Украіны, прадстаўнік ведамства не стаў
адказваць, палічыўшы яго «правакацыйным» і «абразлівым».