Напярэдадні Еўрапейскіх гульняў у Мінску растраляны Аляксандр Жыльнікаў
Прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у адносінах да Аляксандра Жыльнікава. Пра гэта каардынатару кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэю Палудзе паведамілі сваякі асуджанага.
Пакуль што лёс другога фігуранта справы – Вячаслава Сухаркі – невядомы. Але, як паказвае практыка, прысуды адначасова прыводзяцца ў выкананне да ўсіх асуджаных да вышэйшай меры па адной справе.
30 траўня адвакатка была на спатканні з Аляксандрам Жыльнікавым, дзе яны складалі скаргу ў Генеральную пракуратуру на разгляд справы па зноў адкрытым абставінам. Сёння, 13 чэрвеня, адвакатка накіравалася ў СІЗА №1, каб працягнуць працу па скарзе, аднак, там ёй сказалі, што Аляксандр Жыльнікаў “убыл по приговору”. Адвакатка ўдакладніла, ці азначае гэта, што ён расстраляны? На што атрымала падцверджанне гэтай інфармацыі. Афіцыйнае паведамленне аб выкананні прысуду будзе накіраванае сваякам з Мінскага гарадскога суда згодна з працэдурай.
Акрамя гэтага ў Камітэце ААН па правах чалавека на разглядзе знаходзіцца індывідуальны зварот Аляксандра Жыльнікава, які быў зарэгістраваны 24 снежня 2018 года за нумарам 3082/2018.
Камітэт звяртаўся да ўладаў Беларусі з просьбай аб прыняцці часовых мераў і не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду звароту асуджанага Камітэтам.
“Мяне вельмі абурае такі падыход. З аднаго боку, Беларусь хоча быць бліжэй да Еўропы, называецца еўрапейскай краінай, праводзіць II Еўрапейскія гульні, а з іншага боку, не падзяляе каштоўнасці правоў чалавека і застаецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе расстрэльваюць людзей”, — падкрэсліў Андрэй Палуда.
Нагадаем, у снежні 2015 года ў Мінску здарылася трагедыя — у сваёй кватэры былі забітыя малады хлопец і яго дзяўчына. Былая сяброўка маладога чалавека, выхавальніца дзіцячага сада Аліна Шульганава, не змагла змірыцца з тым, што яе кавалер сышоў да іншай, і вырашыла правучыць саперніцу. Выканаўцы (Вячаслаў Сухарко і Аляксандр Жыльнікаў) перастараліся — адбылося забойства выбранніцы хлопца і яго самога. А адразу пасля затрымання стала вядома, што мужчыны таксама датычныя да забойства жыхара Калодзішчаў, які здаваў пакой у сваёй хаце аднаму з іх.
29 траўня ў Вярхоўным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Аляксандра Жыльнікава. Спачатку мужчына атрымаў пажыццёвы тэрмін, але пасля паўторнага разгляду справы Мінскім гарадскім судом прысуд быў заменены на смяротнае пакаранне. Аднак і апошняя інстанцыя на нацыянальным узроўні пакінула прысуд без зменаў, а скаргу без задавальнення. Пасля гэтага асуджаны з дапамогай праваабаронцаў накіраваў індывідуальны зварот у КПЧ ААН.
Amnesty International выступіла з заклікам да людзей з усяго свету напісаць беларускім уладам, каб спыніць расстрэлы Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухаркі, абвесціць мараторый на выкананне смяротных прысудаў і замяніць усе смяротныя прысуды пазбаўленнем волі.
spring96.org