Наталлі Басалыга прысудзілі 10 базавых велічынь
Справу разглядаў суддзя суда Мінскага раёна Аляксей Кропачаў. Падстава — заява адміністратаркі рэстарана «Поедем, поедим» пра абразу і наведвальніцы — пра хуліганства.

Наталля Басалыга на варце ў Курапатах. Фота Алены Ляшкевіч
Наталлю выклікалі
ў суд за абразу адміністратаркі рэстарана «Поедем, поедим» Святланы Дубковай падчас
канфлікта, што адбыўся 27 чэрвеня. Ужо ў ходзе працэса высветлілася, што
разглядаецца таксама заява аб хуліганстве праз канфлікт Наталлі Басалыга з наведвальніцай
рэстарана Юліяй Рыжэўскай. Суддзя прапаноўваў бакам прымірыцца. Наталля заявіла,
што не лічыць сябе вінаватай і будзе падаваць сустрэчныя заявы за паклёп і
ілжэсведчанне.
Сведкам з боку
абвінавачвання выступіў ахоўнік рэстарана «Поедем, поедим», вядомы абаронцам як
Дзіма-Вадзім. Яго сапраўднае імя – Уладзімір Сантычын. Хадайніцтва Наталлі
Басалыга аб выкліку ў якасці сведак Ганны Шапуцькі, Ніны Багінскай і
супрацоўнікаў Дэпартамента аховы, што прыязджалі па выкліку ў рэстаран «Поедем,
поедим» 27 чэрвеня, было адхілена.
У выніку Аляксей
Кропачаў прысудзіў Наталлі штрафы па 5 базавых велічынь па кожнай з
разгледжаных заяў. Базавая велічыня на сённяшні дзень складае 24,5 рублёў. Падтрымаць Наталлю Басалыга на паседжанне суда прыйшлі абаронцы Курапатаў Дзяніс Урбановіч
і Аляксей Пракудовіч.