Наталля Манькоўская пра петыцыю ў абарону студэнткі МДЛУ: Нельга караць за грамадзянскую пазіцыю

Шматлікія ўніверсітэты цяпер пераходзяць на дыстанцыйныя заняткі, шматлікія студэнты зараз у інтэрнатах на каранціне — значыць, рашэнне Лізаветы Пракопчык было слушным. Адміністрацыя ўніверсітэта ж проста замарудзіла з прыняццем такога рашэння, лічыць Наталля Манькоўская.

mankouskaja_facebook_1.jpg

Подпіс пад петыцыяй за аднаўленне студэнткі Лізаветы Пракопчык на вучобе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце паставіла праваабаронца і прадстаўніца ініцыятыўнай групы “Ідэнтычнасць і права” Наталля Манькоўская.

Наталля падкрэслівае, што гэтае адлічэнне было несправядлівым, бо студэнтка не проста так перастала хадзіць на заняткі:

“Сваю пазіцыю яна абгрунтавала тым, што патрэбная самаізаляцыя і дыстанцаванне. І ўжо зараз, калі ёсць сведчанні таго, што шматлікія ўніверсітэты пераходзяць на дыстанцыйныя заняткі, шматлікія студэнты зараз у інтэрнатах на каранціне — значыць, яе рашэнне было слушным. Адміністрацыя ўніверсітэта ж проста замарудзіла з прыняццем такога рашэння. А калі б гэтае рашэнне аб сацыяльным дыстанцаванні было прынятае некалькі тыдняў таму, магчыма б можна было гэтую хвалю запаволіць. З майго пункту гледжання, студэнтка выказвала сваю грамадзянскую пазіцыю, а за гэта нельга караць людзей”.

Студэнтку 4-га курсу Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Лізавету Пракопчык адлічылі за пропускі заняткаў (яна прытрымлівалася двухтыднёвага карантыну). Адміністрацыя ўніверсітэта не лічыць гэта адлічэнне палітычна матываваным, аднак сама cтудэнтка з гэтым не згодная.

Па словах Пракопчык, падчас пандэміі COVID-19 яна перастала наведваць заняткі ў сувязі з парушэннем, на яе думку, права на ахову жыцця і здароўя падчас адукацыйнага працэсу, што гарантуюцца любому студэнту згодна з дзеючым Кодэксам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама Правіламі ўнутранага распарадку МДЛУ. Пропускі заняткаў сталі падставай для вынясення ёй спагнання, а затым і адлічэння з МДЛУ.

Праваабаронцы "Вясны" таксама апавясцілі Спецыяльную дакладчыцу ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын аб сітуацыі з выключэннем студэнткі 4-га курса Лізаветы Пракопчык з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

spring96.org