Навіны дня: Чаму рускія — «оркі», і што рабіць Лукашэнку на ўкраінска-расійскіх перамовах

Вайна ва Украіне па-ранейшаму застаецца ў фокусе ўвагі свету і СМІ. Яна ахоплівае ўсё больш вымярэнняў — ад рэлігійнага да культурнага. Дзень 10 красавіка — у нашым традыцыйным аглядзе асноўных падзей у Беларусі і за мяжой.

66fb242558e29973af86e9c921156664d3f96cbb.jpeg


Гэты дзень вельмі цікава глядзіцца на кантрастах. Напрыклад, У Кіеве са стэлы, размешчанай на праспекце Перамогі каля станцыі метро «Шуляўская», прыбралі гарады-героі Расіі і Беларусі. Раней там былі Масква, Ленінград, Сталінград, Тула, Мурманск, Смаленск, Новарасійск, а таксама Мінск і Брэст (крэпасць-герой). З папярэдніх назваў засталіся толькі ўкраінскія — Кіеў, Севастопаль, Адэса і Керч. Калі гэта было мэтай пуцінскай «дэнацыфікацыі», то што ж…

Украіна спыняе супрацоўніцтва з Беларуссю ў галіне адукацыі і навукі. Гэта азначае, што беларускія дыпломы не будуць прызнаныя ва Украіне.

Нібы ў адказ — кіраўнік Дагестана прапанаваў забараніць серыял «Сваты», які ў свой час прадзюсаваў Уладзімір Зяленскі. Цікава, што серыял узначаліў рэйтынг па колькасці праглядаў у Расіі ў 2021 годзе, а дом герояў серыялу быў разбураны ў выніку абстрэлу расійскім войскам.

Папа Рымскі Францішак заклікаў да велікоднага перамір'я. «Перамір'е, каб прыйсці да міру праз сапраўдныя перагаворы, будучы гатовымі таксама да некаторых ахвяр на карысць людзей», — сказаў Папа Францішак.

Ізноў нібы ў адказ — два дзясяткі актывістаў неапаганскай секты Расіі, якія самі сябе называюць «Чароўным войскам спецыяльнага прызначэння Русі» сабраліся ў Гомелі на левым беразе Сожа, каб выканаць «баявыя скокі». Ідэалогія гэтай секты прадстаўляе сумесь ідэй славянафільства і расійскага паганства. Яе паслядоўнікі спрабуюць аднавіць СССР і вераць у разнастайныя тэорыі змоваў.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім заявіў, што не бачыць сэнсу і карысці ад удзелу прадстаўнікоў Лукашэнкі ва ўкраінска-расійскіх перамовах.

А вось Святлана Ціханоўская зазначае, што беларускі бок павінен удзельнічаць у гэтых перамовах, бо без дэмакратычнай Беларусі Украіна заўсёды застанецца пад пагрозай удару з Поўначы. Але ўдзельнічаць у перамовах, канечне, павінен не Лукашэнка, а сапраўдныя прадстаўнікі беларускага народа.

Дарэчы, шмат хто заўважыў, як змянілася рыторыка Лукашэнкі наконт вайны ва Украіне, калі Кіеў не ўдалося ўзяць ні за тры, ні за трыццаць дзён. Паразважаў на гэтую тэму Філіп Дымаў.

А чаму рускіх называюць «оркамі», напісала агенцтва УНІАН.

І крыху займальнай статыстыкі: ад пачатку вайны супраць Украіны за антываенныя акцыі ў Беларусі затрымалі мінімум 1,5 тысячы чалавек. Гэта прыкладна 35 чалавек на дзень. Узгадайце гэта, калі ў чарговы раз пачуеце пра «маўклівых беларусаў»!