Ціханоўская ўшанавала памяць ахвяр тэракта на станцыі метро «Кастрычніцкая»

Святлана Ціханоўская ўшанавала памяць ахвяр тэракта на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў яго 11-ю гадавіну. Яна падкрэсліла, што 11 красавіка з'яўляецца днём жалобы па загінуўшых, і адзначыла, што дата набыла для яе новы сэнс.


Выбух прагрымеў 11 красавіка 2011 года ў 17.55. У выніку тэракта загінулі 15 чалавек і сотні пацярпелі. Вінаватымі былі прызнаныя 25-летнія ўраджэнцы Віцебска Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Іх прысудзілі да смяротнага пакарання. У сакавіку 2012 года стала вядома, што прысуд прыведзены ў выкананне.

«Памятаю страшныя кадры, чалавечае гора страты, вельмі хуткія следчыя дзеянні і прыведзены ў выкананне прысуд, які забраў яшчэ больш жыццяў. Цяпер усё тое, што адбылося тады, бачыцца зусім іншым. Ці верыла я ўсяму, што сказалі па тэлевізары? Ці задавалася пытаннямі аб празрыстасці следства і сумленнасці суду? Ці сапраўды магла не ўдавацца ў падрабязнасці аднятых жыццяў толькі таму, што "не цікаўлюся палітыкай"?» — задае сабе пытанні палітык.

Яна падкрэслівае, што праз 11 гадоў ідзе вайна, у якой задзейнічана тэрыторыя Беларусі і ад якой гінуць у тым ліку беларусы.

«Мы ведаем, што жыццё чалавека святое. Праўда — святая. Законнасць — святая. І менавіта гэтыя каштоўнасці цяпер знішчаюць тыя, каму дзесяцігоддзямі было выгадна, каб мы былі "па-за палітыкай", не лічылі, што здольныя на нешта ўплываць. Не ведалі сваіх грамадзянскіх правоў, не разбіраліся, як іх можна рэалізоўваць і ў якіх умовах у турмах знаходзяцца тыя, хто разабраўся і выказаў пратэст», — кажа Ціханоўская.

Паводле яе слоў, мінулае змяніць нельга, але можна вынесці з яго ўрокі.

«Задаваць сабе крытычныя пытанні, атрымліваць непрыемныя, але праўдзівыя адказы, вучыцца рабіць свае ўласныя высновы, а не паслухмяна прытрымлівацца чужых. І памятаць. Памятаць тое мінулае, сведкамі якога мы сталі, – нават, магчыма, маўклівымі. Каб у наступны раз не маўчаць, не бяздзейнічаць, не лічыць, што мяне гэта не тычыцца. А ведаць, што першы, ад каго ў мяне ёсць права патрабаваць якой-небудзь рэакцыі, — гэта я сам», — заявіла яна.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: