Рэгістрацыя інтэрнэт-СМІ: журналісцкую супольнасць усё ж спытаюць?

Начальнік Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення прэзідэнцкай адміністрацыі Усевалад Янчэўскі адказаў на зварот Беларускай асацыяцыі журналістаў, паведамляе прэсавая служба БАЖ. Журналістаў і экспертаў спытаюць, як яны ставяцца да ўмоваў рэгістрацыі інтэрнэт-выданняў.



censure.jpg

Начальнік Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення прэзідэнцкай адміністрацыі Усевалад Янчэўскі адказаў на зварот Беларускай асацыяцыі журналістаў, паведамляе прэсавая служба БАЖ.

«Мінінформу даручана вынесці пытанне аб парадку рэгістрацыі і рэгулявання дзейнасці СМІ, якія распаўсюджваюцца праз глабальную сетку інтэрнэт, на абмеркаванне з удзелам грамадства, зацікаўленых органаў і арганізацый, а таксама прыцягнуць да працы над названымі прапановамі аб змяненні заканадаўства прадстаўнікоў журналісцкіх арганізацый і інтэрнэт-супольнасці», — гаворыцца ў лісце за подпісам Усевалада Янчэўскага.

11 снежня Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася ў Міністэрства інфармацыі Беларусі з просьбай паведаміць, на якой стадыі знаходзіцца праца над праектам зменаў у заканадаўства аб СМІ і, калі ён падрыхтаваны, перадаць яго журналісцкай супольнасці для азнаямлення.

Апроч гэтага, журналісцкая арганізацыя прасіла ўключыць у склад працоўнай групы па стварэнні згаданага прававога акта экспертаў і прадстаўнікоў інтэрнэт-супольнасці, а таксама правесці шырокае грамадскае абмеркаванне планаваных зменаў у заканадаўства. Адказу з Міністэрства інфармацыі БАЖ пакуль не атрымаў.

Паралельна з гэтым БАЖ звярнуўся да начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення прэзідэнцкай адміністрацыі Усевалада Янчэўскага з просьбай садзейнічаць забеспячэнню галоснасці ў працы над прававым актам.

Журналісцкая арганізацыя таксама заклікала Янчэўскага звярнуцца па экспертную дапамогу да Прадстаўніка АБСЭ па пытаннях свабоды сродкаў масавай інфармацыі і ў іншыя структуры, якія валодаюць высокім экспартным патэнцыялам.

19 лістапада намеснік міністра інфармацыі Беларусі Дзмітры Шадко на ўрадавай нарадзе паведаміў пра распрацоўку зменаў у Закон аб СМІ, якія «з мэтай арганізацыі ў інтэрнэце эфектыўнага процідзеяння негатыўным сацыяльным з’явам» могуць абавязаць інтэрнэт-выданні зарэгістравацца ў якасці сродкаў масавай інфармацыі.

www.svaboda.org