«Навошта вы праз столькі гадоў гэта варушыце?» — «Так цяпер трэба». Як працуюць сілавікі па справе аб «генацыдзе беларускага народа»

У Беларусі Генпракуратура вядзе расследаванне па справе «аб генацыдзе беларускага народу» падчас Другой сусветнай вайны. Як гэта адбываецца на практыцы? «Наша Ніва» знайшла сведкаў.

Канцлагер у Азарычах

Канцлагер у Азарычах

Жыхар невялікага пасёлка расказаў, што да яго бабулі следчы прыехаў разам з журналістам, які рабіў матэрыял пра тое, як беларусы пацярпелі падчас вайны.
«Бабуля была дзіцём у вайну, потым яе часта запрашалі ў школу расказваць сучасным дзецям пра гэта. На мінулым тыдні ёй званілі з праваахоўных органаў, прасілі аб сустрэчы, у выніку прыехалі следчы і журналіст — бабулю вазілі па ваколіцах, яна расказвала тое, што звычайна расказвае дзецям. Па выніках гэтага былі напісаны паперы, са зместам якіх яе не азнаёмілі, што асобна мяне засмуціла — яна нібыта падпісвала таксама і пустыя лісты. Хаця пры званку ёй і гаварылі, што гэта ўзгоднена са сваякамі — гэта была няпраўда, у нас ніхто не пытаў. Што гэта ўсё ў рамках крымінальнай справы, яна не зразумела. Калі я сказаў, з якой мэтай гэта насамрэч робіцца, што яе словы могуць быць выкарыстаныя для апраўдання гвалту над яе ўнукамі, яна моцна расхвалявалася, таму я адыграў назад і сказаў, што пераблытаў — "імаверна, гэта было проста чарговае інтэрв’ю". Каб яна не пераймалася», — расказаў унук.


У іншым выпадку да старога чалавека прыйшлі, калі нікога іншага не было дома.
«Да маёй мамы прыходзілі супрацоўнікі органаў, — расказала чытачка. — Запаўнялі гатовыя анкеты, а яна толькі паставіла подпіс. Яна была дома адна і адчыніла ім дзверы — мякка кажучы, непрыстойна, як мінімум такія візіты трэба ўзгадняць са сваякамі. Яна хвалявалася і нервавалася. Сама мама падчас вайны была ў лагеры "Азарычы" разам са сваёй мамай і сястрой, яны загінулі неўзабаве пасля вяртання».
Яшчэ адзін чытач расказаў , што яго сям'я не дала дазволу сілавікам сустракацца з іх дзедам.
«Да майго бацькі (малалетні вязень вайны з сакавіка 1944 па май 1945) спрабаваў дазваніцца нейкі, нібыта, следчы, але з ім гаварыў іншы сваяк, на якога зарэгістраваны нумар.
Следчы прапаноўваў, каб тата прыйшоў да іх даваць паказанні. Яму адказалі, што чалавек стары, слабы і хворы, няма вам чаго яму падымаць ціск сваімі пытаннямі, на што ён адказаў, маўляў, што можна прыйсці нам самім, даць паказанні з яго слоў, ад чаго мы адмовіліся.
Бацьку нашаму было 11 гадоў, калі яго з маці і сястрой забралі ў Германію, трапіліся падчас зачысткі Любаншчыны ад партызанаў — іх ледзь не спалілі, але ў апошні момант з’явіліся немцы і загадалі паліцаям не знішчаць людзей. Іх замест таго адправілі на сельскагаспадарчыя работы ў Германію. Пашчасціла вярнуцца», — расказаў чытач.
Таксама журналісты пагаварылі з 95-гадовай ахвярай вайны, спадарыняй Маргарытай, якая расказала, як праходзіць такі допыт.
«Следчы званіў і спрабаваў дамовіцца на сустрэчу, мы дамовіліся на адзін час, а ён не прыехаў, я такое не люблю, я — чалавек слова.
Але ў выніку яго прыняла, ён пачаў мне задаваць пытанні: "Вас білі, а як гэта?" Уласна, я яму вельмі сцісла адказвала, аніводнага кепскага слова пра немцаў я не сказала: асабіста мне немцы ў Германіі дапамаглі, мне пашанцавала. Я ў яго яшчэ спытала, што гэта такое, прайшло столькі гадоў і вы раптам пачынаеце гэта варушыце. "Ну, гэта цяпер трэба", — ён мне так адказаў. Сказаў, што хочуць немцам прад'явіць. Праўда, я не чытала, што ён там з маіх слоў запісваў.
Мяне з сям'ёй пры канцы красавіка 44-га вывезлі з Віцебска ў таварным вагоне, дзякуй Богу, што ўсіх разам.
Трапілі мы ў Цюрынгію, там нас разбіралі па сем’ях, падыходзілі, глядзелі і забіралі, а ў сястры было двое малых дзяцей, і ніхто не браў, а апошнім падышоў шэф шклянога завода. Як ён да нас ставіўся, нічога кепскага сказаць не магу. Мы працавалі ў цэху, дзе стаялі круглыя машыны на газе, для фармацэўтычнай прамыслоўвасці рабілі тару: піпеткі, колбы. Машыны круціліся, трэба было сачыць каб не зляталі. Працавалі разам з немцамі — яны былі ўжо старыя, маладыя без ног, без рук.
Нам, у параўнанні з іншымі, вельмі пашанцавала. Сястра не працавала, ёй дазвалялі, бо была з дзецьмі. Есці, канешне, асабліва добрага нічога не было, але немцы нам то пару сліў, то пару яблыкаў — "аднясі малым". Простыя людзі нас добра сустракалі, але былі ўсякія, канешне, з нацыстамі я не бачылася.
Вызвалілі нас амерыканцы, а 25 мая адправілі на студабекерах да Дрэздэна, і можаце сабе ўявіць — мы з 25 мая па 16 верасня ехалі ў Віцебск! Нас ссаджвалі з цягніка, нас дапытвалі, чаму мы ў Германіі былі, што мы ледзь не прастытуткі і гэтак далей. Калі даехалі, у Віцебску жылі ў акопе, наш дом згарэў.
Нам прапаноўвалі амерыканцы перабрацца ў ЗША, папярэджвалі, што нас па вяртанні могуць "кашмарыць", але тата наш на фронце быў, муж сястры — на фронце. Мы не ўяўлялі, як можна ў Амерыку ехаць.
Не дай Бог перажываць вайну, страшная справа», — кажа спадарыня Маргарыта.
Генпракурор Андрэй Швед заявіў, што страты Беларусі ад вайны склалі 500 млрд. долараў. Нагадаем, пагадненне па рэпарацыях было дасягнутае яшчэ ў 1945 годзе на Патсдамскай канферэнцыі.