Пракуратура нібыта «выявіла 80 раней невядомых» пахаванняў часоў ВАВ
У г.п.Наваельня Дзятлаўскага раёна пачаліся пошукавыя працы «ў сувязі з расследаваннем фактаў генацыду мірнага насельніцтва Беларусі».
У рамках расследавання распачатай Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці выяўлена 80 раней невядомых месцаў масавага знішчэння мірных грамадзян у гады Вялікай Айчыннай вайны, паведамляе ведамства.
Адно з такіх месцаў — у гарадскім пасёлку Наваельня ў Дзятлаўскім раёне, дзе ў гады вайны загінула ад 500 да 800 чалавек.
Сцвярджаецца, што інфармацыя пра масавыя расстрэлы ў Наваельні з'явілася ў ваенным камісарыяце яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў. «Дапамаглі расповеды мясцовых жыхароў — відавочцаў жорсткіх ваенных злачынстваў, дзякуючы якім устаноўлена месца трагедыі», — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.
Раскопкі пачаліся ў 2004 годзе, аднак іх прыпынілі «праз тэхнічныя цяжкасці». Збор інфармацыі пры гэтым не спыняўся, адзначае пракуратура.
«Выяўленыя ў архівах пратаколы допытаў злачынцаў пацвердзілі факты масавых расстрэлаў у Наваельні мірнага насельніцтва, а таксама падпольшчыкаў і партызан.
Як вынікала з архіўных матэрыялаў, у расстрэлах разам з фашыстамі ўдзельнічалі і паліцаі-калабаранты, якія адрозніваліся асаблівай жорсткасцю», — падкрэслівае ведамства.
Цяпер пошукавыя работы і раскопкі ў Наваельні адноўленыя. Першачаргова падлягаюць вызначэнню межы пахавання.