Некалькіх затрыманых у Гродна перавялі на Валадарку. Адзін з іх абвясціў галадоўку

Траіх затрыманых пасля інцыдэнту ў Гродне на пікеце па зборы подпісаў перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. Пра гэта паведамляе tut.by са спасылкай на ПЦ "Вясна".

Сяргей Ціханоўскі на сустрэчы ў Гродне. Фота TUT.BY

Сяргей Ціханоўскі на сустрэчы ў Гродне. Фота TUT.BY


Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на Валадарцы цяпер знаходзяцца Яўген Рэзнічэнка, Вяргілій Ушак і Аляксандр Арановіч. Як паведаміла "Краіна для жыцця" ў сваім Twitter, Вяргілій Ушак абвясціў галадоўку.
Дзе знаходзіцца Сяргей Ціханоўскі з учорашняга дня невядома.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч называе гэтую сітуацыю абуральнай.
— Адвакаты не могуць знайсці сваіх падабаронных. Гэта можна расцаніць — як супрацьдзеянне аказанню прававой дапамогі, — кажа Стэфановіч.
Тое, што затрыманых з ЦІП на Акрэсціна пераводзяць на Валадарку, на ягоную думку, дрэнны знак: значыць, адпускаць іх не збіраюцца.
Нагадаем, вечарам 8 чэрвеня заканчваецца 10-дзённы тэрмін, калі затрыманым павінны прад'явіць абвінавачанне альбо вызваліць.
Усяго па крымінальнай справе аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якая было ўзбуджана пасля інцыдэнту на пікеце ў Гродне, затрымана 9 чалавек. Гэта Сяргей Ціханоўскі, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў, Уладзімір Навумік, Вяргілій Ушак, Аляксандр Арановіч, Сяргей Калмыкоў, Васіль Баброўскі і Арцём Сакаў.
Жонка Уладзіміра Навуміка са спасылкай на адваката паведаміла "Вясне", што яе мужу ў пятніцу, 5 чэрвеня, павінны прад'явіць абвінавачванне.
Дзяўчыну яшчэ аднаго затрыманага — Сяргея Калмыкова — выклікалі на допыт у Следчы камітэт у якасці сведкі.
Пра стан пацярпелых міліцыянтаў ні МУС, ні Следчы камітэт нічога не паведамляюць.