Нобелеўскую прэмію па медыцыне прысудзілі за вакцыну ад COVID-19

Нобелеўскі камітэт абвясціў лаўрэатаў прэміі ў галіне фізіялогіі медыцыны. Ёю ўганараваныя Каталін Карыка і Дру Вайсман за іх адкрыцці, якія тычацца мадыфікацыі нуклеатыдных асноў, якія дазволілі ў далейшым стварыць эфектыўныя мРНК-вакцыны супраць COVID-19.

f7botytw0aazzdk.jpg

Каталін Карыка нарадзілася ў 1955 годзе ў Сальноке, Венгрыя. Яна атрымала доктарскую ступень ва Універсітэце Сегеда ў 1982 годзе. У далейшым працавала ў ЗША, стала старэйшым віцэ-прэзідэнтам BioNTech RNA Pharmaceuticals.

Дру Вайсман нарадзіўся ў 1959 годзе ў ЗША. Ён атрымаў ступень доктара медыцыны і доктара філасофіі ў Бостанскім універсітэце ў 1987 годзе. Вайсман з'яўляецца дырэктарам Пенсільванскага інстытута інавацый у галіне РНК.

У 1990-х гадах Карыка і Вайсман разам працавалі ў Пенсільванскім універсітэце. Разам яны займаліся вывучэннем таго, як розныя тыпы РНК узаемадзейнічаюць з імуннай сістэмай. Іх першая праца пра мРНК была апублікаваная ў 2005 годзе. Свае напрацоўкі яны развілі ў публікацыях 2008 і 2010 гадоў.

З 2010 года адразу некалькі кампаній пачалі працаваць над мРНК-вакцынамі, у тым ліку супраць віруса Зіка і MERS-CoV, роднаснага з SARS-CoV-2. У выніку, калі ў 2020 годзе выбухнула пандэмія COVID-19, атрымалася ў рэкордныя тэрміны распрацаваць вакцыны з мадыфікаванай асновай, якія кадавалі павярхоўны бялок SARS-CoV-2.

Нагадаем, што за COVID-19 прэмію ў галіне медыцыны атрымаў у 2020 годзе і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Але гэта была Шнобелеўская прэмія.

Лукашэнка амаль увесь 2020-ты заклікаў лячыць хваробу гарэлкай, лазняй і трактарам, запытваўся, ці бачуць людзі вірусы, якія «не лётаюць», і доўгі час усяляк адмаўляў існаванне пандэміі, кажучы пра тое, што COVID-19 — гэта нечая змова.

Таму беларускі дыктатар, аказаўся ў кампаніі расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, брытанскага прэм'ера Борыса Джонсана, прэзідэнта Бразіліі Жаіра Балсанару, прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана, прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава. Падкрэслівалася, што Шнобелеўская прэмія ім уручаная за «выкарыстанне пандэміі COVID-19, каб навучыць свет таму, як палітыкі маюць большы палітычны ўплыў на жыццё і смерць людзей, чым навукоўцы і лекары».

Гэта быў другі «Шнобель» для Лукашэнкі. Сем гадоў таму ён ужо быў лаўрэатам гэтай сатырычнай прэміі ў намінацыі «Прэмія міру». Тады яго ўганаравалі «за пераўтварэнне публічных апладысментаў у незаконнае дзеянне» (летам 2011-га міліцыя затрымлівала ўдзельнікаў «маўклівых акцый» у Беларусі). Беларускую міліцыю адзначылі «за арышт аднарукага чалавека за апладысменты».