Новая хваля ціску на Мікалая Стакевіча
На палітзняволенага кандыдата ў прэзідэнты на мінулых выбарах Мікалая Стакевіча пачалася новая хваля ціску. Звесткі пра гэта атрымала жонка палітыка Марына Адамовіч.
За ўдзел у Плошчы–2010 Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволення па артыкуле “Аб масавых беспарадках”. Ён катэгарычна адмаўляўся пісаць прашэнне пра памілаванне на імя Лукашэнкі, напісання якога ад палітзняволенага дабіваліся спачатку адміністрацыя Шклоўскай калоніі №17, а потым Магілёўскай турмы №4.
— Я маю звесткі пра тое, што пасля непрацяглага перапынку пачаліся чарговыя правакацыі супраць Мікалая Статкевіча ў Магілёўскай турме №4. Наколькі мне вядома, у мінулую нядзелю двойчы спрабавалі здзейсніць нейкія правакацыі супраць яго ў камеры. На жаль, пакуль што мне змест дакладна не вядомы, — распавяла Марына Адамовіч.
Але нават у жорсткіх турэмных умовах Мікалай Статкевіч не губляе прысутнасці духа, працягвае аналізаваць як цяперашнюю сітуацыю, так і мінулае Беларусі. Па словах Марыны Адамовіч, ён даслаў эсэ, у якім разважае пра нацыянальную ідэю. У бліжэйшы час гэтая праца будзе апублікаваная на асабістым сайце палітыка.