Новы раўнд перамоў па спрашчэнні візавага рэжыму ЕС і Беларусі можа прайсці ў верасні
Чарговы раўнд перамоў па спрашчэнні візавага рэжыму паміж Еўрасаюзам і Беларуссю можа адбыцца ўжо ў верасні. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора.
Майра Мора не здолела назваць канкрэтную дату чарговых кансультацый па двух пагадненнях — аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю і рэадмісіі. «Размова была пра верасень, і гэта будзе другі раўнд перамоваў», — сказала яна.
Прадстаўнік ЕС таксама падкрэсліла, што на папярэднім раўндзе абодва бакі абмеркавалі ўсе пункты пагадненняў і абазначылі праблемы, якія трэба вырашаць. У іх ліку і тэма спрашчэння візавага рэжыму для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў.
Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына, датычна гэтай тэматыкі ў гутарцы з журналістамі, адзначыла, што «ў дадзеным пытанні мяч на еўрапейскім баку», паведамляе БЕЛТА.