«Ну пакуль жа ў нас не б’юць за расійскі трыкалор» — апытанне ў Магілёве

Апытанне Свабоды: «Як вы ставіцеся да тых, хто аздабляе свае аўтамабілі расійскай палітычнай сімволікай? Ці пагадзіліся б, каб расійскі сцяжок ці чорна-жоўтая стужка былі ў вашай машыне? Чаму?».



flags_in_a_car.jpg

Спадар: Я наогул не ведаю, навошта яны іх вывешваюць. Нібыта ж мы ў Беларусі жывем. Пры чым тут Расія? Мне бліжэй беларускія, свае.
Спадар: Пры чым тут у нас расійскае? Хай у сябе дома, у Расіі вывешваюць. Некаторыя кажуць, што прыгожа. Ведаю, што некаторыя вывешваюць як цацку якую. Можа хтосьці ўважае сябе за расіяніна. У нас сімволіка павінна быць свая. Я за стары наш сцяг, бел-чырвона-белы.
Спадар: Нармальна стаўлюся. Расія ж саюзная дзяржава. Я ні разу не бачыў, каб каму-небудзь казалі: «Ах, ты з расійскім трыкалорам, на табе за гэта». У мяне беларускі вісіць. Я ж беларус, чаму павінен вывешваць расійскі?
Спадар сталага веку: Няма ў мяне расійскай сімволікі. Навошта яна мне трэба? Яны самі па сабе, а мы самі па сабе. Я ўвогуле мяркую, што Расія — бандыцкая краіна. Моладзі ж усё адно, што вешаць. Ім жа грошы трэба зарабляць. Які гонар? Вы гаворыце па-беларуску, а я не ўмею. З маіх сяброў можа пяцёра толькі могуць размаўляць па-беларуску. Вось вам і Беларусь.
Малады спадар: Гэта іх справа. Я б не вешаў — мне гэта не трэба. Што я гэтым буду паказваць? У мяне Беларусь, навошта мне Расія?
Спадар сталага веку: Хочуць яны сімвалы чужой краіны насіць —  калі ласка. Я не магу ім гэтага забараніць. Я крыху стараўся лепей гісторыю вывучаць —  зусім не заўсёды мы з Расіяй настолькі сябравалі. Мне сцяг не перашкаджаў бел-чырвона-белы. Ён да 95 года быў дзяржаўны, як і герб «Пагоня». А гэтыя вось, яны падпраўленыя з узору 1951 усяго толькі.
Малады спадар: Я б не вывешваў ніякай сімволікі ў сваім аўтамабілі, бо гэта абмяжоўвае агляд. А што да астатніх, якія вывешваюць, то ў нас свабодная краіна. Некаторыя ж носяць футболкі з амерыканскім сцягам. Тут кожны на што здольны.
Спадар сталага веку: У кожнага свае інтарэсы. Я гэтага не асуджаю. Мы ж ад Расіі залежым. Мы ж яшчэ брацкія краіны. Не было б Расіі — мы б значна горш жылі.
Юнак: У гэтым няма ніякага сэнсу, акрамя таго, што яны паказваюць сваю прыхільнасць вызначанай дзяржаве. І калі яны хочуць жыць у Расіі, то хай бы яны там і жылі і вывешвалі там свае сцягі.
Юнак: Стаўлюся нармальна да гэтага. Ну, можа, гэтыя людзі з Расіі. Я б сам не ўпрыгожваў іх сцягамі сваю машыну, бо я беларус, а Расія —  чужая краіна.
Спадар сталага веку: «Ну і няхай. Мы адна дзяржава брацкая. Я магу і амерыканскі павесіць, калі мне падабаецца. Але я аддаю перавагу сваёй беларускай. Во тут беларускія сцягі. Прыгожа? Прыгожа!»
svaboda.org