Пададзены заяўкі на пікеты ў Дзень Канстытуцыі
27 і 28 лютага некалькі грамадзян падалі заяўкі на правядзенне пікетаў у Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка.

Так, жыхаркі Бабруйска, пенсіянеркі Валянціна Каваленка і Любоў Санкевіч звярнуліся ў Бабруйскі гарвыканкам з просьбаю дазволіць ім пікетаванне на адной з дзвюх прапанаваных пляцовак у цэнтры горада.
Пад час пікета мяркуецца выкарыстанне плакатаў наступнага зместу: “У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам яны патрэбныя ў жыцці!” , “Чыноўнікі кіруюцца не Канстытуцыяй, а паняццямі”, “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак”.
Жыхар Мінску, пенсіянер Васіль Хацькоў звярнуўся ў Мінскі гарвыканкам з просьбай таксама дазволіць пікетаванне на адной з дзвюх прапанаваных пляцовак — у цэнтры гораду і ў Маскоўскім раёне сталіцы.
Хацькоў збіраецца выйсці з плакатамі: “У Канстытуцыi правы i свабоды —на паперы, а мне яны патрэбныя у жыццi!” і “Дом знеслі (2009 год), метро пусцілі (2012 год), а кватэру дать забылі!”.
Трэба адзначыць, што Валянціна Каваленка, Любоў Санкевіч і Васіль Хацькоў планавалі правесці пікетаванне на Дзень правоў чалавека 10 снежня мінулага году, але ўлады ім адмовілі. Пры гэтым жыхаркі Бабруйску аспрэчваюць пазіцыю мясцовых уладаў у судзе.