Падчас выступу Лукашэнкі ў цэнтры Мінска прайшоў пікет
Зранку 24 красавіка ў Дом ураду паспрабавалі прайсці прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры».

Фота з архіву gazetaby.com
Яны хацелі трапіць на выступ Аляксандра Лукашэнкі з пасланнем беларускаму народу і парламенту.
Аднак сілавікі ў цывільным не пусцілі прадстаўнікоў ініцыятывы, распавяла інтэрнэт-газеце «Салідарнасць» юрыст Тамара Сяргей.
Раней іншая прадстаўніца ініцыятывы падавала ў Мінгарвыканкам заяўку на пікет супраць адпісак чыноўнікаў. Ён мусіў прайсці 24 красавіка на Плошчы Свабоды. Але ўлады адмовілі заяўніцы. Пасля гэтай адмовы актывісты і хацелі прайсці на сустрэчу з кіраўніком дзяржавы.
Калі трапіць у Дом урада ім не ўдалося, удзельнікі грамадзянскай ініцыятывы правялі несанкцыянаваны пікет на заяўленым месцы — на плошчы Свабоды.
Паводле euroradio.fm