Палац князёў Друцкіх-Любецкіх адкрыўся пасля рэстаўрацыі ў Шчучыне
Адкрыццё адбылося ў рамках Дня беларускага пісьменства 6 верасня.

Адкрыццё адрэстаўраванага палаца князёў Друцкіх-Любецкіх адбылося ў нядзелю, 6 верасня ў 11:00 у Шчучыне, дзе праходзіць Дзень беларускага пісьменства.
Да свята ў горадзе таксама адкрылі кнігарню і адрамантавалі бібліятэку імя Элаізы Пашкевіч.
Цяпер у палацы Друцкіх-Любецкіх размесціцца Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.
У рамках Дня пісьменства семярым пісьменнікам Беларусі будзе ўручана першая Нацыянальная літаратурная прэмія.
Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. Упершыню ён быў праведзены ў Полацку ў 1994-м годзе. Затым яго ладзілі ў Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім і Быхаве.
Паводле БЕЛТА