Палітвязня Васьковіча пераводзяць у папраўчую калонію № 15

Сканчваецца трохгадовы тэрмін адбыцця пакарання ў турме строгага рэжыму палітвязня Яўгена Васьковіча. На працягу некалькіх дзён Яўген будзе пераведзены з турмы № 4 ў калонію № 15. Абедзве ўстановы знаходзяцца ў Магілёве.



zahruzieno_6_.jpg

12 кастрычніка 2011 года у выніку рашэння атэстацыйнай камісіі Яўген Васьковіч быў абвешчаны злосным парушальнікам і быў пераведзены ў магілёўскую турму строгага рэжыму. У турме Яўген прайшоў праз ціск, абмежаванні, шматлікія змяшчэнні ў ШЫЗА.


247 —дакладная колькасць сутак, якія Яўген правеў у штрафным ізалятары магілёўскай турмы. Падпісваць прашэнне аб памілаванні палітвязень неаднаразова катэгарычна адмаўляўся.

У траўні 2011 года Яўген Васьковіч быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за спробу падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 года будынку Бабруйскага КДБ, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумессю.

Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамолатава судзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — “Злоснае хуліганства” і “Наўмыснае прычыненне шкоды ў асабліва буйных памерах”.

Аргкамітэт па стварэнню партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” заклікае дасылаць лісты падтрымкі палітзняволенаму сябру БХД Яўгену Васьковічу.

Лісты трэба пісаць на новы адрас: Папраўчая калонія № 15, 213105, г.Магілёў, Слаўгарадская шаша, п/а Вейна.