Памёр абаронца Курапатаў Барыс Дуброўскі, шукаюць сваякоў

Пра гэта паведаміла ўдзельніца Курапацкай варты Наталля Саматыя.

Барыс Дуброўскі

Барыс Дуброўскі

Сёння Наталля Саматыянапісала ў сваім Фэйсбуку:
«Увага! Учора на вул.Мірашнічэнка упал і памёр Барыс Дуброўскі. У моргу. Калі ласка, хто ведае, як з'вязацца з кім-небудзь з яго сваякоў, тэлефануйце мне хутка. +375257875535 ці хатні 2434032!»


Яна распавяла «Новаму Часу», што Барыса Дуброўскага ўчора шукалі ўдзельнікі варты ў Курапатах. Нехта чуў, што на вуліцы Мірашнічэнкі ўпаў нейкі мужчына.
 
«Я пачала тэлефанаваць Дуброўскаму — ніхто не адказваў. Зараз пазваніла — падняла жанчына, я папрасіла яго да тэлефона. Яна спытала "Хто вы?", я адказала, што знаёмая. Тады яна сказала, што ён памёр учора на вуліцы Мірашнічэнкі. Гэта была следчая. Яна сказала, што ён у моргу, і папрасіла, каб я знайшла яго сваякоў».
Спадарыня Наталля ўзгадала, што пару тыдняў таму Барыс Дуброўскі таксама падаў на вуліцы. 
«Мы ішлі праз Курапаты — я, Ніна Багінская і айцец Вікенцій, Барыс за намі. Я чую, што няма крокаў, азірнуліся — ён ляжыць. Добра, што насустрач нам ішоў хлопец, мы з ім падбеглі, паднялі, Барыс прыйшоў у сябе і сказаў, што спатыкнуўся. Угаворвалі выклікаць хуткую, але ён адмаўляўся».
Дапоўнена:
Наталля Саматыя змагла звязацца з Нінай Багінскай, якая паведаміла, што ўчора ўдваіх з Барысам Дуброўскім яны вярталіся ў 19 гадзін з Варты, спадар Барыс упаў на траву са сцяжынкі,  людзі, якія былі побач, выклікалі хуткую, дактары спрабавалі яго рэанімаваць, але ён ужо памёр.
Барыс Дуброўскі ўдзельнічаў у Курапацкай варце цягам двух гадоў, хадзіў туды двойчы на тыдзень — па аўторках і пятніцах. Заўжды стаяў з 16 да 20 гадзін. Спадар Барыс кепска чуў. Ездзіў падтрымліваць паплечнікаў у суды, сёлета сам быў аштрафаваны за ўдзел у снежаньскіх акцыях за незалежнасць.
Год таму на Варце Барыса Дуброўскага збілі агрэсіўныя наведвальнікі рэстарана «Поедем поедим».