Пасля ператрусу спынілі працу ініцыятывы дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту і гандлю людзьмі

Пасля ператрусаў сілавікоў на нявызначаны час прыпынілі дзейнасць праекты ў рамках ініцыятыў «Гендарныя перспектывы» і «Ла Страда», якія дапамагалі справіцца з хатнім гвалтам і гандлем людзьмі.

919ee8c32e7945ceb62f355a0e32cb8b.jpg


«Гарачая лінія “Ла Страда” прыпыняе працу на нявызначаны час», — гаворыцца ў сацыяльных сетках дабрачыннай ініцыятывы, піша «Радыё Свабода».

Праграма «Ла Страда» — праект бяспечнай міграцыі і супрацьдзеяння гандлю жанчынамі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Пацярпелым гарантавалася бясплатная дапамога.

На гарачай лініі прафесійныя юрысты дапамагалі людзям і кансультавалі іх па пытаннях працаўладкавання, іміграцыі, заключэння шлюбаў, вучобы за мяжой. У выпадку неабходнасці да іх падключаліся партнёрскія міжнародныя і мясцовыя арганізацыі ў розных краінах.

Раней спыніла кансультацыі пацярпелых ад хатняга гвалту няўрадавая арганізацыя «Гендарныя перспектывы», дзейнасць якой акцэнтаваная на праблемах хатняга гвалту, дыскрымінацыі на рынку працы, гендарнай роўнасці.

Абедзве ініцыятывы курыруе каманда пад кіраўніцтвам Ірыны Альхоўка. Яна — нацыянальная каардынатарка па Беларусі міжнароднай арганізацыі «Ла Страда» і старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб’яднання «Гендарныя перспектывы».

14 ліпеня ў офіс аб’яднання заявіліся сілавікі і ўчынілі ператрус. Праз мэтанакіраваную атаку на грамадзянскую супольнасць кіраўніцтва арганізацыі на нявызначаны тэрмін прыпыніла «гарачую лінію» для пацярпелых ад хатняга гвалту, а следам — і па пытаннях міграцыі.