Пасля пікету ля раённай адміністрацыі ў Гомелі АМАП затрымаў і моцна пабіў мужчыну
Увечары 21 кастрычніка ў гомельскіх тэлеграм-чатах з'явіўся здымак людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі каля адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля. Пасля публікацыі здымку, як сведчаць жыхары раёну, пачалася аблава АМАП, піша Свабода.
«Некалькі чалавек затрымалі каля кінатэатру „Кастрычнік“. Яшчэ аднаго спынілі каля 23.00 каля гандлёвага дому „Рэчыцкі“ (абодва аб’екты — за некалькі прыпынкаў грамадскага транспарту ад раённай адміністрацыі. — РС). Ён ішоў з прыяцелем. Прыяцель збег, а мужчыну абшукалі і знайшлі ў заплечніку сцяг. Яго забралі ў міліцыю і там пабілі», — паведаміла Свабодзе жыхарка мікрараёну Фэстывальны.
Ігар, брат затрыманага Станіслава Мачалава, расказаў, што трывогу паднялі бацькі, калі сын не вярнуўся дахаты. Брат знайшоў Станіслава ў Савецкім РАУС Гомеля.
«Мы з сябрамі стаялі ля РАУС і каля трэцяй гадзіны ночы ўбачылі, як Станіслава выводзяць — яго везлі на ІЧУ. Мы ўбачылі, што ў яго пабіты твар, заплылае вока, што ён кульгае і ледзьве рухаецца. Відаць, яго моцна пабілі», — зазначыў Ігар.
Станіславу Мачалаву 43 гады. Імаверна, сёння пройдзе суд над ім. Пакуль невядома, у чым яго вінавацяць.