Павал Севярынец: Акрэсціна — кроў, вошы, беззаконне

Павал Севярынец расказаў пра жахлівыя ўмовы ўтрымання на Акрэсціна.

pavel_seviarynets_z_zonkaj_logo_1.jpg

“Дарагія сябры, зноў рады вітаць вас. Дзякуй усім, хто падтрымліваў, маліўся, перадаваў кнігі, сустракаў.

За 20 гадоў, з 1997-га, на Акрэсьціна бываў разоў пятнаццаць. Апошнія дзесяць сутак уразілі, бо ёсьць з чым параўноўваць.

1. Відавочна, выконвалі спэцзаказ: два разы ўпіхвалі ў камэру на чатырох чалавек жыхароў вакзалу з вошамі. Сядзіць-сядзіць такі дзед, маўчыць, раптам загаляецца і пачынае, быццам з аўтамата, з трэскам лушчыць у пазногцях насякомых ды гнідаў. Бахаем у дзьверы. "Пражарка" не працуе, чакайце.

2. Мой сусед двойчы рэзаў рукі — праз пару хвілінаў можна ўбачыць, што такое "рукі па локаць у крыві". І з-за "падарункаў" з вошамі, і з-за таго, што не выводзяць на прагулку (а курцам інакш за дзень не папаліць). Пакуль прыбіраем камэру ад кропляў ды пырскаў, высьвятляецца, што ў суседа гепатыт С.

3. Кожны дзень патрабавалі хаця б венік прыбрацца ў хаце. Венік, анучу, вядро не даюць! 10 сутак... Давялося рваць рушнікі, каб вымываць камэру.

4. Паперу і асадку, якія былі ў мяне ў асабістых рэчах і перадачах, дазволілі толькі на чацьвёртыя суткі, адвакат выбіў. Тое, што афіцыйна дазволена — забаранялі, бо "рашэньне начальніка"!

5. Насупраць нас паўдні трымалі Віктара з акцыі 25-га, які 10 сутак трымаў галадоўку. Вядома толькі тое, што ён жыве насупраць Нацыянальнай бібліятэкі. Дапамажыце, калі ласка, даведацца, што з чалавекам.

6. Макс Вінярскі 6 сутак галадаваў на ІЧУ, потым павезьлі ў шпіталь, адтуль ён зьнік.

7. Некалькі дзён запар прыяжджалі опэры, складалі пратаколы — то за акцыю ля КДБ, то за сьцяг ля Акрэсьціна. Даваць паказаньні адмаўляўся. У пятніцу завезьлі ў суд Цэнтральнага раёну, аформілі штраф 50 базавых за акцыю салідарнасьці з патрыётамі.

8. Стаўленьне да затрыманых — як да быдла. Пару рэплікаў спакойна — і раптам крык, мат-перамат, пагрозы. Усяго некалькі чалавек ставіліся па-людзку.

9. Гарбата, кіпяток — толькі раз на суткі, зранку, 150 грамаў. Далей пі з-пад крану.

10. Садавіна, гародніна пад забаронай. У камэры часнык!!! Ааааа!!! На прагулку ня пойдзеце!

11. Тых, каго даставілі пасьля 13.00, ня кормяць увесь дзень. А потым за поўныя суткі вылічваюць за харчаваньне (!) па 11 рублёў 50 капеек.

12. Карацей, пішам па інстанцыях. І нашым мілым эўрапейцам, каторыя дагэтуль з усьмешкай "вядуць дыялог": смачна вам есьці на афіцыйных прыёмах”.



bchd.info