Павел Вінаградаў прыгавораны да сямі сутак арышту
Актывіст кампаніі "Гавары праўду!" Павел Вінаградаў 2 студзеня прыгавораны да сямі сутак арышту. Суддзя Маскоўскага раённага суда Мінска Аляксандр Кострыкаў прызнаў былога палітзняволенага Паўла Вінаградава вінаватым ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння на падставе 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь, паведамляе сайт zapraudu.info.
Актывіст кампаніі "Гавары праўду!" Павел Вінаградаў 2 студзеня прыгавораны да сямі сутак арышту.
Суддзя Маскоўскага раённага суда Мінска Аляксандр Кострыкаў прызнаў былога палітзняволенага Паўла Вінаградава вінаватым ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння на падставе 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь, паведамляе сайт zapraudu.info.
Вінаградаў быў выкліканы 30 снежня ў Маскоўскае РУУС Мінска на 13.00 для "выхаваўча-прафілактычнай гутаркі". Паводле яго слоў, міліцыянеры паводзілі сябе так, нібыта не ведалі, што з ім рабіць. Пасля гутаркі супрацоўнікі міліцыі заявілі, што ім неабходна скласці пратакол, які складаецца пры допыце сведкі ці падазронага. Нейкі час Вінаградаў не выходзіў на сувязь. Затым актывіст паведаміў, што яго абвінавачваюць у нецэнзурнай лаянцы і хочуць пасадзіць на "суткі". Трое сутак, у тым ліку навагоднюю ноч, ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.
Выкліканы сёння ў суд у якасці сведкі міліцыянер заявіў, што 30 снежня Вінаградаў брыдка лаяўся наўпрост каля будынка Маскоўскага РУУС па вуліцы Грушаўскай, 9.
На падставе паказанняў міліцыянера і складзенага ім пратакола суддзя Кострыкава прыгаварыла Вінаградава да сямі сутак арышту.
Паколькі трое сутак Вінаградаў ужо адседзеў, ён правядзе за кратамі яшчэ чацвёра сутак.
Як паведаміла жонка арыштаванага Святлана, у знак пратэсту супраць несправядлівага судовага рашэння Павел Вінаградаў аб'явіў галадоўку.
БелаПАН