Пекла на навагоднім балі

76 гадоў таму ў Мінску адбыўся пажар, ахвярамі якога сталі дзясяткі маладых людзей. У тую трагічную ноч частка пажарных машын раз’ехалася па ілжывых выкліках, і пажар на Плошчы Свабоды тушыць не было каму.

img_1138.jpg

Помнік ахвярам пажару на Вайсковых могілках

4 студзеня 1946 года ў Мінску адбылося паседжанне Бюро ЦК КП (б) Б. Сярод прысутных быў кіраўнік кампартыі Беларусі П. Панамарэнка, начальнік рэспубліканскага НКДБ Л. Цанава, наркам НКУС Беларусі С. Бельчанка і яшчэ  13 адказных супрацоўнікаў. На пасяджэнні абмяркоўвалася пытанне аб масавай гібелі людзей у пажары, які адбыўся напярэдадні ў сталічным клубе дзяржбяспекі.

Баль-маскарад

... У канцы снежня 1945-га ў ацалелым падчас вайны і акупацыі будынку на Плошчы Свабоды ў Мінску актыўна рыхтаваліся да навагодняга свята. Была ўсталявана вялікая елка, упрыгожаная гірляндамі і ватай. Але свята ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня правесці не ўдалося. Банальна адсутнічала электрычнасць. Святло абяцалі даць толькі 3 студзеня. На гэты дзень і быў прызначаны баль-маскарад.

gostinij_dvor_v_minske.jpg

Гасцінны двор

Квіткі на баль размяркоўваў гаркам камсамола і іх атрымлівалі выдатнікі вучобы, актывісты, ну і, вядома, дзеці высокапастаўленых чыноўнікаў БССР. Зрэшты, былі і тыя, каму квіток дастаўся, так бы мовіць, па знаёмстве. Лілія Чыжык, выжыўшая ў той трагедыі, успамінала, што запрашальны яна атрымала ад сяброўкі Люсі Рабцэвіч, з якой разам дзяўчына вучылася на першым курсе медінстытута. Бацька Рабцэвіч быў Героем Савецкага Саюза і камендантам Клуба НКДБ. Вось ён і пастараўся, каб дачка пайшла на баль у добрай кампаніі.

У дзень мерапрыемства ўваход у Клуб ажыццяўляўся строга па запрашальных квітках. Справа ў тым, што ў суседнім крыле будынка працавала камісія па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых. Падчас акупацыі ў гэтым доме знаходзілася гестапа, увесь архіў якога пасля вызвалення Мінска ў ліпені 1944 года дастаўся савецкім спецыяльным органам. Менавіта з гэтымі нацысцкімі дакументамі і працавалі супрацоўнікі савецкай камісіі. Уваход у гэтую частку будынку быў зачынены і знаходзіўся пад узмоцненай аховай (пасля гэты факт згуляе фатальную ролю для многіх тых, хто прыйшоў на баль). Акрамя гэтага, у падвале будынка знаходзіліся камеры, у якіх утрымліваліся палонныя немцы, якія знаходзіліся пад следствам.

Перад галоўнай залай на трэцім паверсе быў пакой казак. Гасцей сустракалі Дзед Мароз, Снягурка, зайцы, вавёркі. Усё рабілася дзеля таго, каб моладзь адпачыла ад страшных будняў вайны. Вельмі многае з упрыгожванняў было зроблена з лёгкаўзгаральных матэрыялаў: паперы і ваты. Ды і на шматлікіх запрошаных былі маскарадныя касцюмы, зробленыя з марлі і паперы. Усяго ў клубе сабралася больш за 500 чалавек.

Трагедыя

У зале іграў духавы аркестр, моладзь танцавала. І вось наступіў доўгачаканы момант, калі на навагодняй ёлцы павінна была запаліцца гірлянда. І яна запалілася. У прамым сэнсе. Ваенны аркестр граў “Стомленае сонца", моладзь была захоплена танцам, і ўспрыняла пранізлівы крык “Пажар!" як чарговы навагодні жарт. Але неўзабаве полымя перакінулася на вялікую постаць Дзеда Мароза, набітую ватай і на іншыя прадметы. Праз некалькі хвілін гарэла ўжо ўсё вакол.

Госці кінуліся да лесвіцы, якая вяла на вуліцу, але і там быў агонь. Відавочцы затым успаміналі, што пажар пачаўся менавіта ў пакоі казак, які быў перад галоўнай залай. Прабіцца праз гэты, ахоплены агнём пакой да выратавальнага выхаду было не магчыма, а лесвіца паміж паверхамі была перакрыта зачыненымі жалезнымі дзвярыма.

Адной з тых, хто цудам выжыў у тым пекле, была мінчанка Цыцылія Іонічава. Паводле яе ўспамінаў першымі да ахопленага агнём клубу НКДБ пад’ехалі не пажарныя, а вайскоўцы і сталі выцягваць скрыні з нацысцкім архівам. Дзяўчына кінулася да дзяжурнага і ўзмалілася аб тым, каб салдаты адкрылі дзверы на лесвіцу. Але ў адказ баец адказаў, што не мае права гэтага рабіць, так як лесвіца звязана з суседнім крылом і салдатам загадана ахоўваць архіў.

Усё памяшканне завалакло з’едлівым жоўтым дымам. Усвядоміўшы, што выйсця няма, мужчыны сталі выбіваць вокны. Выбраўшыся з акна, людзі заўважылі, што ніжні паверх таксама гарыць. Па ўспамінах відавочцаў пашанцавала тым, хто скакаў пазней. Яны прызямляліся на трупы, якія ляжалі на зямлі, што змякчыла ўдар. Адна з выжыўшых Алена Дземідовіч успамінала, што з падвала даносіліся жудасныя крыкі па-нямецку. Гэта крычалі арыштаваныя немцы. Алена вырашылася выскачыць з акна. Побач з ёй на ногі прызямлілася іншая дзяўчына і ў яе са скуры выскачылі косткі. На балконе спрабаваў уратавацца ваенны. Ззаду яго было полымя, наперадзе вышыня. Афіцэр глядзеў уніз і бачыў, як разбіваюцца людзі. Праз секунду ён дастаў пісталет з кабуры... Неўзабаве абваліліся перакрыцця трэцяга паверху.

Некаторым людзям атрымалася выратавацца, прабіўшыся праз завалены смеццем чорны ход. Дзверы там былі не зачынены. Лілія Чыжык, тая самая, для якой квіток на баль дастаў камендант Клуба НКДБ, уратавалася, выскачыўшы з будынка. Дзяўчыне пашанцавала, і яна не разбілася. Апынуўшыся на вуліцы, яна шукала Люсю Рабцэвіч, але сяброўка не ўратавалася. Пасля таго, як пажар будзе патушаны, на папялішчы бацька знойдзе толькі бранзалет дачкі.

Парэшткі ахвяраў хавалі ў цынкавых трунах

Раніцай на Плошчы Свабоды сталі збірацца людзі. Яны спрабавалі знайсці дзяцей, якіх збераглі падчас нацысцкай акупацыі, і якія загінулі ўжо ў мірны час. Абгарэлыя целы і рэшткі загінулых выносілі са спаленага будынку і ўкладвалі ўздоўж дарогі. Загінуўшых было вельмі шмат. Іх складалі ў два рады. Побач хадзілі звар’яцелыя ад бяды людзі і спрабавалі апазнаць па парэштках адзення і абутку сваіх дзяцей.

dokument_o_propavshem_bez_vesti_pri_pozhare.jpg

Дакумент пра загінулых без вестак

У тую жудасную ноч у агні загінула некалькі соцень маладых хлопцаў і дзяўчат. 4 студзеня 1946 года ў Мінску адбылося экстраннае пасяджэнне бюро ЦК КП (б) Б на якім пажар у Клубе НКДБ у Мінску “ацанілі як, “НЗ", якое мае палітычны характар". У выніку, сакратару гаркама Горыну і сакратару ЦК ЛКСМБ Зімяніну абвясцілі вымову, а сакратара гаркама па прапагандзе Малочку знялі з пасады.

img_1133.jpg

Шыльда на помніку ахвярам пажару

Дырэктара клуба асудзілі на 6 гадоў турэмнага зняволення, а каменданта Рабцэвіча, хоць і арыштавалі, але неўзабаве выпусцілі. Дачка гэтага чалавека згарэла жыўцом, і таму ўлады палічылі, што ён заплаціў “за халатнасць" спаўна. Адмысловай камісіі было загадана ў самыя кароткія тэрміны расследаваць усе акалічнасці пажару, выдаць пацярпелым неабходную колькасць абутку і тканіны на аднаўленне гардэроба, а сем’ям загінулых выплаціць аднаразовую дапамогу.

Дакладная колькасць загінулых у тым пажары не ўстаноўлена да сённяшняга дня. Тых, хто разбіўся пры падзенні або памёр ад апёкаў, хавалі ў адзіночных магілах. А ў брацкай магіле на Вайсковых могілках пахавалі дзве вялікія цынкавыя труны з парэшткамі тых, хто згарэў у пажары.

У гэтай страшнай гісторыі да сённяшняга дня шмат не яснага. Чаму адбыўся гэты страшны пажар? Ці стала прычынай трагедыі звычайная халатнасць, або за пажарам нехта стаяў?! Адной з найбольш верагодных версій з’яўляецца наўмысны падпал. Як я ўжо згадваў, у суседнім з клубам крыле будынка знаходзіўся архіў гестапа, у якім, у тым ліку знаходзіліся асабістыя справы агентаў, інфарматараў і памагатых акупантаў. Не ўсе калабаранты і памагатыя нацыстаў збеглі з немцамі на захад. Некаторыя з іх засталіся ў вызваленай Беларусі. Яны ведалі, што будзе, калі праўда з нацысцкага архіва стане вядомая савецкім спецыяльным органам.

Дарэчы, не выключана, што арганізатарам гэтага тэракту дапамагаў нехта ў форме вайскоўца савецкай арміі. Напрыклад, пасля пажару бясследна знік чырвонаармеец Леанід Васільчыкаў, які іграў у аркестры Беларускай вайсковай акругі. Хутчэй за ўсё, ён стаў адной з ахвяр пажару, але цалкам магчыма, што гэты чалавек і быў тым самым тайным падпальшчыкам. У карысць падпалу кажуць і іншыя факты. Напрыклад, тое, што было дзве крыніцы ўзгарання. Нарэшце, у тую трагічную ноч частка пажарных машын раз’ехалася па ілжывых выкліках, і пажар на Плошчы Свабоды тушыць не было каму.

Такім чынам, 3 студзеня 1946 года застанецца адной з найбольш трагічных старонак у гісторыі Мінска і Беларусі.


На фота той самы будынак сёння:

to_samoe_zdanie_1.jpg

to_samoe_zdanie_2.jpg

to_samoe_zdanie_3.jpg