Пенсіянерам не плануюць вяртаць ільготы на праезд

У Беларусі не плануецца найбліжэйшым часам вярнуць пенсіянерам ільготы на праезд у грамадскім транспарце, заявіў на прэс-канферэнцыі 30 верасня начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Анатоль Ражанец.



pensija1.jpg

«Магчыма, у перспектыве пры пераглядзе закона аб сацыяльных ільготах, правах і гарантыях гэтае пытанне падымецца», — не выключыў ён.

Пры гэтым Ражанец нагадаў, што пенсіянерам належыць скідка 50% на праезд у прыгарадным транспарце на дачны перыяд — з 1 мая па 30 верасня.

Для падтрымкі «найбольш уразлівых і маючых патрэбу катэгорый грамадзян» у краіне дзейнічае сістэма дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. «Калі сярэднедушавы даход чалавека апускаецца ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму, ён можа звярнуцца па месцы жыхарства (у органы сацыяльнай абароны. — БелаПАН.) для таго, каб да яго былі прымененыя нейкія формы сацыяльнай падтрымкі, калі ён у іх мае патрэбу», — дадаў прадстаўнік Мінпрацы.

БелаПАН