Пётр Кузняцоў: фільм Пуцілы — гэта контратака ў барацьбе за інфармацыйную прастору
Палітычны эксперт і заснавальнік «Моцных навін» выступіў з рэцэнзіяй відэа, якое сабрала ўжо больш за мільён праглядаў.
— Фільм Сцяпана можна крытыкаваць за форму падачы або, напрыклад, за адсутнасць (або недахоп), як многім бачыцца, новых фактаў, — піша Пётр Кузняцоў.
Аднак яго плюсы шматкроць пераважваюць мінусы, а сам факт
з'яўлення мае вялікае значэнне. Некалькі прычын.
1. Фільм стаў контратакай ў барацьбе за інфармацыйную прастору. У апошнія нават не тыдні, а месяцы, рэжым тут меў адчувальную
перавагу, а вось апаненты выглядалі сумна. Праца каманды «экстрэмістаў» у гэтым канкрэтным моманце моцна перабівае інфармацыйны
ціск улады і вяртае ініцыятыву яе супернікам. Праўда, з'яўляецца новая задача і
праблема — ініцыятыву ўтрымаць.
2. Фільм выйшаў шмат круцейшы, чым чакалася, з-за таго, што
аказаўся не сюжэтам-расследаваннем пра нейкую рэзідэнцыю, а моцным
абагульненнем фактаў, якія малююць вобраз вярхоў улады ў цэлым. Хай нешта
было вядома і раней, будзем шчырымі: не ўсе ўмеюць збіраць пазл, а карціна «У Лукашэнкі ёсць рэзідэнцыя, ну дык ён жа прэзідэнт» і карціна, у
якой раскоша да разбэшчанасці — галоўная рыса, сутнасць і ці ледзь не галоўны
матыў, — далёка не адно і тое ж.
3. Фільм ставіць перад грамадствам, прытым, грамадствам у
цэлым, уключаючы і ябацек, новую каласальную праблему маральнага кшталту. Да
гэтага часу пратэсная матывацыя фармавалася галоўным чынам вакол тэм анахранізму
ўлады, няздольнасці да развіцця, некарыснасці для грамадства, а таксама
пытанняў правоў грамадзян. Цяпер паўстае пытанне яшчэ і вельмі прагматычнай
мэтазгоднасці захавання статус-кво, паколькі ва ўсёй красе ўсе бачаць галоўны
матыў утрымання ўлады любой цаной і пальцамі ўсіх колераў. І гэты матыў — зусім
не ў жаданні служыць народу, а канкрэтна — у жаданні жыць па-царску за кошт
гэтага самага, па факце, паднявольнага народа.
4. Опцыю інфармавання таксама не трэба недаацэньваць.
Лукашэнка ва ўладзе ўжо 26 гадоў, за гэты час багаж «подзвігаў» назапасіўся каласальны. Вырасла і змянілася некалькі пакаленняў, людзі ж, у
масе сваёй, заставаліся апалітычнымі да самага апошняга часу. Чалавеку, які толькі
нядаўна пагрузіўся ў свабодныя інфармацыйныя патокі, для таго, каб даведацца і
зразумець усё ў поўнай меры, можа спатрэбіцца вельмі шмат часу пры ўмове
мэтанакіраванай працы ў гэтым кірунку. Хай многае са сказанага добра вядома
палітызаванай публіцы, затое многае можа быць наогул невядома большасці. Мільён
праглядаў за першыя суткі пра нешта ды кажа. Паўтарэнне — маці вучэння.
Калі за выхадам гэтага прадукта мы ўбачым паслядоўны рух у
бок развіцця поспеху, можна будзе сказаць, што ўчора мы ўбачылі пачатак якасна
новага этапу барацьбы.