Выканаўчы дырэктар Фонда спартыўнай салідарнасці: МАК не хоча прызнаваць сям'ю Лукашэнкі на чале НАК

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) прыняў вельмі моцнае рашэнне, не прызнаўшы Віктара Лукашэнку прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК). Такое меркаванне выказаў выканаўчы дырэктар Беларускага фонда спартыўнай салідарнасці (БФСС) Аляксандр Апейкін.

maxresdefault_112.jpg

У размове з «РБК Спорт» Апейкін адзначыў:

— Рашэнне цалкам супадае з чаканнямі. Мы ў першую чаргу ставім сабе на мэце абарону правоў спартсменаў. Пры гэтым у нас няма мэты пазбаўлення Беларусі сцяга або адхілення кагосьці.

Ён таксама адзначыў, што МАК аператыўна адрэагаваў на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. «Усім зразумела, што Алімпійскі сход прайшоў не ў адпаведнасці з правіламі і Лукашэнка быў фактычна прызначаны, а не абраны», — дадаў Апейкін.

— Аляксандру Лукашэнку было прынцыпова важна заняць пасаду прэзідэнта НАК, — заявіў Апейкін. — І пасля санкцый з боку МАК ён вырашыў паставіць свайго сына — каб захаваць пераемнасць. І цяпер зноў з'явілася неабходнасць правесці перавыбранне.

На думку Апейкіна, тое, што МАК не хоча прызнаваць сям'ю Лукашэнкі на чале НАК — гэта «важны крок».

Ён лічыць немалаважным і тое, што МАК не прызнаў членам НАК Дзмітрыя Баскава, які з'яўляецца старшынёй Федэрацыі хакея Беларусі. Раней супрацоўнікі фонда абвінавацілі Баскава ў датычнасці да смерці грамадзянскага актывіста Рамана Бандарэнкі, які загінуў 12 лістапада мінулага года ў выніку вулічнага нападу, і адправілі адпаведную заяву на адрас IIHF і Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). У ім яны назвалі дзеянні Баскава такімі, якія «груба ганьбяць рэпутацыю хакея як віду спорту».

БФСС быў створаны ў жніўні 2020 года. Асноўнай задачай арганізацыя называе фінансавую, псіхалагічную, арганізацыйную і любую іншую дапамогу беларускім спартсменам, якія пацярпелі ад дзеянняў улады.