Андрэй Суздальцаў: па ідэі, Віктар Лукашэнка павінен сысці ў адстаўку і правесці новыя выбары кіраўніка НАК

Палітолаг Андрэй Суздальцаў выказаў меркаванне з нагоды рашэння МАК не прызнаваць новага кіраўніка НАК Віктара Лукашэнку.

Фота belnovosti.by

Фота belnovosti.by

— Учора Міжнародны алімпійскі камітэт не прызнаў абранне Віктара Лукашэнкі на пасаду старшыні НАК Рэспублікі Беларусь, — піша Андрэй Суздальцаў. — Да цяперашняга моманту беларускае кіраўніцтва і рэспубліканскія СМІ захоўваюць магільнае маўчанне ў дачыненні да чарговай «перамогі» беларускай хунты на міжнароднай арэне. Між тым, нагадаем, што за гады свайго бясконцага прэзідэнцтва спорт стаў звыклым кампанентам жыцця Беларусі, ператварыўшыся ў інструмент палітыкі. Не менш за чвэрць эфірнага часу беларускага тэлебачання сыходзіць на асвятленне спартыўных заняткаў, рэпартажы з трэніровачных залаў, інтэрв'ю са спартсменамі, услаўленне поспехаў беларускага спорту на міжнародных спаборніцтвах.

Праўда, з апошнім у Беларусі складана. Не вельмі дапамаглі і санкцыі, накладзеныя на расійскі спорт, а таксама антырасійскія рэпартажы беларускіх спартыўных каментатараў з Алімпіяды ў Сочы. Беларускі алімпійскі спорт аказаўся закладнікам хунты А. Лукашэнкі. Ён асуджаны, бо ў выніку беларускі кіраўнік выкіне яго, як баласт з дзіравай лодкі.

Што цяпер рабіць? Па ідэі, Віктар Лукашэнка павінен сысці ў адстаўку і правесці новыя выбары кіраўніка беларускага НАК. Аднак, улічваючы, што галоўнай задачай А. Лукашэнкі застаецца захаванне ўлады, разлічваць на тое, што хоць бы спорт будзе выведзены за рамкі беларускага палітычнага крызісу, не даводзіцца. Тануць — дык разам. Між іншым, гэта тычыцца і ўсёй Беларусі.