Міжнародны алімпійскі камітэт не прызнаў Віктара Лукашэнку кіраўніком беларускага НАК

Таксама пад алімпійскімі санкцыямі застаецца Дзмітрый Баскаў. Аднак цалкам НАК не дыскваліфікавалі — гэта значыць, беларускія спартсмены змогуць выступіць на Алімпіядзе пад дзяржаўным сцягам. 

2021_03_08_eb_thumbnail.jpg

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) прыняў рашэнне ў якасці часовай забеспячальнай меры не прызнаць Віктара Лукашэнку новым прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК) Беларусі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў дырэктар па камунікацыях МАК Марк Адамс.

Таксама МАК не прызнаў абранне Дзмітрыя Баскава членам выканаўчага камітэта НАК.

Датычна абодвух функцыянераў захавана іх адхіленне ад усіх мерапрыемстваў пад эгідай МАК, уключаючы Алімпійскія гульні. МАК будзе падтрымліваць сувязь з НАК і іншымі членамі зноў абранага выканкама праз Генеральнага сакратара НАК, адзначаецца ў выніковым прэс-рэлізе.

Акрамя таго, МАК вырашыў захаваць іншыя часовыя меры, прынятыя 7 снежня 2020 года, у наступным выглядзе:

1. Прыпыніць усе фінансавыя выплаты НАК Беларусі, за выключэннем выплат, звязаных са стыпендыямі спартсменаў і падрыхтоўкай беларускай зборнай да Алімпійскіх гульняў і ўдзелам у іх.

2. Звярнуцца да адпаведных міжнародных федэрацый з просьбай забяспечыць, каб усе беларускія спартсмены, якія маюць права ўдзельнічаць у адборачных спаборніцтвах да Алімпійскіх гульняў, якія маюць адбыцца, маглі ўдзельнічаць у іх без якой-небудзь палітычнай дыскрымінацыі.

3. Прыпыніць любыя абмеркаванні з НАК Беларусі адносна правядзення будучых мерапрыемстваў МАК.

4. Прасіць усіх удзельнікаў Алімпійскага руху выконваць гэтыя меры ў інтарэсах абароны правоў беларускіх спартсменаў і рэпутацыі Алімпійскага руху.

5. Прасіць НАК Беларусі і федэрацыі, якія ў яго ўваходзяць, забяспечыць адсутнасць палітычнай дыскрымінацыі пры ўдзеле беларускіх спартсменаў у кваліфікацыйных спаборніцтвах і пры канчатковым адборы каманды НАК Беларусі на ўсе Алімпійскія гульні.

5. Не запрашаць і не прадастаўляць акрэдытацыю вышэйшым дзяржаўным службовым асобам Рэспублікі Беларусь на Алімпійскія гульні.

Напрыканцы МАК адзначае, што працягне «сачыць за сітуацыяй і пакідае за сабой права разгледзець любыя далейшыя дзеянні або адмяніць любую з гэтых часовых мер у залежнасці ад развіцця сітуацыі».