Працаваць экскурсаводамі забароняць усім, каго судзілі па «пратэсных» артыкулах

З новага года не змогуць працаваць экскурсаводамі тыя, каго судзілі па «пратэсным» артыкуле. Так прапісана ў пастанове ўрада №839 ад 7 снежня.

Затрыманая экскурсаводка Аксана Манкевіч. Фота з сацсетак

Затрыманая экскурсаводка Аксана Манкевіч. Фота з сацсетак

Неўзабаве не змогуць працаваць экскурсаводамі тыя, каго судзілі паводле арт. 130 КК (Распальванне варожасці), арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў) і іншых артыкулаў.

Таксама пад забарону трапяць экскурсаводы, якія маюць адміністрацыйныя прысуды паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне), арт. 24.22 КаАП (распаўсюд сродкамі масавай інфармацыі загадзя ілжывых звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць Лукашэнкі).

У лістападзе паводле арт. 342 КК быў асуджаны краязнаўца Ігар Хмара, якога затрымалі, калі ён праводзіў экскурсію па Мінску. За кратамі чакаюць суды экскурсаводкі Аксана Манкевіч і Валерыя Чарнаморцава, якім таксама інкрымінуюць «народны» 342 артыкул КК.